«Казакі» праводзяць свае мерапрыемствы ў беларускіх навучальных установах пры поўным патураньні ўладаў. Фотасправаздача аб адным зь іх была разьмешчаная на сайце школы №19 гораду Воршы.
Як паведаміў вядомы ў Віцебску лекар Ігар Пастноў, удзельнік прэзыдэнцкай кампаніі 2010 году Сяргей Рыжоў, асуджаны на шэсьць з паловай гадоў зьняволеньня, аб'явіў галадоўку і ў пісьмовай форме адмовіўся ад ужываньня ежы ды гарбаты.
Актывіст партыі КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў ня змог пераканаць Віцебскі гарадзкі выканаўчы камітэт ўнесьці зьмяненьне ў рашэньне ад 10 ліпеня 2009 году № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску», якое, на думку апазыцыянэра, супярэчыць Пастанове Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 5 сакавіка 2012 году № 207.
Палітыка ліставаньня з палітвязьнямі імкліва стала больш жорсткай, пра гэта паведаміла маці Ігара Аліневіча: “2 чэрвеня атрымала ад Ігара ліст, датаваны 21 траўня... Відавочна, што палітыка лістоў стала больш жорсткай. На 1 траўня ён атрымаў толькі адну паштоўку. Раней у гэты дзень ён атрымліваў нават больш паштовак, чымся на Дзень нараджэньня”.
У газэце Віцебскага раёну «Жыццё Прыдзвіння» ў нумары за 19 траўня апублікаваны артыкул нейкай Н. Цірусавай пад загалоўкам «...Где гремели бои» («...Дзе грымелі баі»). Актывісты ініцыятывы «Хайсы» ўпэўненыя, што зьяўленьне гэтага матэрыялу – рэакцыя ўладаў раёну на шэраг публікацыяў у незалежных мэдыях, якія набылі вялікі розгалас, пра масавае пахаваньне людзей у лясным маciве.
Прадстаўнікі віцебскіх пракуратураў праігнаравалі заявы праваабаронцы Валера Місьнікава пра факты парушэньня дзейнага заканадаўства з боку шэрагу службовых асоб. Вартавыя правапарадку, спасылаючыся на закон аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, аб’явілі спадара Місьнікава неналежным заяўнікам і пакінулі яго скаргі без разгляду і пракурорскага рэагаваньня.
У першай палове мая Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджаньне газэце Віцебскай епархіі БПЦ (Маскоўскі патрыярхат) «Наше православіе». У сувязі з гэтым на некаторых праваслаўных сайтах, што знаходзяцца ў дамэннай зоне.by (sobor.by, odigitria.by), а таксама на расейскіх сайтах, як zavtra.ru, нехта Анатоль Шлыкаў распаўсюджвае дзіўныя звароты.
Падатковыя органы Віцебскай вобласьці працягваюць карпатлівую працу па зьверцы даходаў і расходаў фізычных асоб і выяўленьні фактаў незадэкляраваных паступленьняў. У выніку на Віцебшчыне з пачатку году грамадзянам прад'яўлена да выплаты 3 мільярды рублёў падаходнага падатку.
1 чэрвеня ў Віцебску пачаўся суд над заснавальнікам арганізацыі «Платформ інавэйшан» Міхаілам Жамчужным. Працэс праходзіць у Віцебскім абласным судзе ў закрытым рэжыме.
Кіраўнікі прадпрыемстваў раёну атрымалі ліст за подпісам старшыні Полацкага раённага выканаўчага камітэту Мікалая Шаўчука. У лісьце зьмяшчаецца прапанова заахвоціць работнікаў квіткамі на канцэрты фэстывалю і даць адпаведную справаздачу.