Актывіст грамадзянскай кампаніі «Справаводзтва па-беларуску!» Ігар Случак зьвярнуўся да дэпутатаў Нацыянальнага сходу, якія нарадзіліся па-за Беларусьсю, з прапановай выступіць з заканадаўчай ініцыятывай пра унясеньне зьменаў у закон «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь», якія б дазволілі пашырыць ужываньне беларускай мовы ў афіцыйных зносінах з чыноўнікамі. Адным з адрасатаў прапановы стала дэпутат ад Полацкай гарадзкой акругі № 28 Натальля Гуйвік (на фота), у мінулым судзьдзя Полацкага гарадзкога суду, якая нарадзілася ў г. Кіраве (Расея).
Натальля Гуйвік адказала на прапанову: «На мой погляд, Ваша прапанова на сённяшні дзень не з’яўляецца для краіны найбольш важнай і патрабуючай першачарговага вырашэння ў Палаце прадстаўнікоў, таму я лічу немэтазгодным у дадзены час выступаць з прапанаванай Вамі заканадаўчай ініцыятывай», - напісала дэпутат актывісту.
Дэпутатка Гуйвік запрапанавала аўтару звароту да яе зьбіраць подпісы: «Паводле часткі 1 артыкула 99 Канстытуцыі права заканадаўчай ініцыятывы належыць таксама грамадзянам, якія валодаюць выбарчым правам, у колькасці не менш як 50 тысяч чалавек. Такім чынам, Вы маеце права выступіць з заканадаўчай ініцыятывай самастойна, калі Вас падтрымае ў гэтым 50 тысяч грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам».
«Іншымі словамі: тое, што я магу зрабіць сама, зрабі ты, Ігар, сам, але яшчэ і 50 тысяч подпісаў зьбяры. Чаму тады ў Парлямэнце ня Ігар Случак, а Натальля Гуйвік, калі яна сваёй працай не жадае займацца?» - пракамэнтаваў словы дэпутаткі ад Полацку Ігар Случак.
«Прадстаўніца Полацку, гораду, дзе зараджалася беларуская дзяржаўнасьць, і адкуль паходзіць першадрукар Скарына, ня лічыць пашырэньне беларускай мовы важным пытаньнем. Цікава, калі гэтае пытаньне стане важным? Тады, калі на мяжы апынуцца расейскія танкі, як гэта было ва Ўкраіне?» - задаецца пытаньнем актывіст.
Паводле svaboda.org