Адказ за подпісам старшыні абласнога суду Мікалая Хамічонка атрымаў віцебскі "лекар-праўдаруб" Ігар Пастноў. Ён спрабаваў аспрэчыць рашэньне Кастрычніцкага раённага суду, які адхіліў ягоную скаргу на дзеяньні адміністрацыі Кастрычніцкага раёну, кіраўніцтва якой не дазволіла правесьці пікет супраць міліцэйскага гвалту.
Пікет плянавалася зладзіць 12 студзеня ў Парку культуры і адпачынку Савецкай Арміі, гэтае месца афіцыйна вызначанае адміністрацыяй Кастрычніцкага раёну для правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Але Ігару Пастнову адмовілі з тае прычыны, што ён не прыклаў да заяўкі дамоваў зь міліцыяй, мэдыкамі і работнікамі ЖКГ на абслугоўваньне акцыі.
Такі парадак звароту па дазвол на акцыі прадугледжаны рашэньнем Віцебскага гарвыканкаму. Мясцовыя праваабаронцы і актывісты лічаць, што яно супярэчыць закону аб масавых мерапрыемствах і стварае штучныя перашкоды для грамадзян, якія хочуць скарыстацца сваім правам на публічнае выказваньне ўласных меркаваньняў.
За чатыры мінулыя гады раённыя адміністрацыі не далі ніводнага дазволу актывістам на ініцыяваныя імі пікеты або мітынгі. Актывісты-арганізатары спрабавалі дамовіцца з адказнымі службамі, каб выканаць умовы гарадзкіх уладаў, але мэдыкі, работнікі ЖКГ і супрацоўнікі міліцыі з розных прычын адмаўляюцца заключаць такія дамовы.
Што тычыцца акцыі Ігара Пастнова, то пікет плянаваўся адзіночным, і адказнасьць за чысьціню і парадак ён быў гатовы ўзяць на сябе асабіста:
"Я сам лекар, і магу аказваць мэдычную дапамогу. Засьмечваюць парк, каб яго трэба было пасьля грунтоўна прыбіраць, я не зьбіраўся. Што тычыцца міліцэйскай аховы, то я меркаваў запрасіць як мага больш супрацоўнікаў міліцыі, бо тэма гвалту над грамадзянамі ў міліцэйскіх установах надзвычай актуальная. Дык што дзяжурства міліцэйскіх супрацоўнікаў было б любым выпадку забясьпечанае".
Там не менш адміністрацыя Кастрычніцкага раёну забараніла акцыю Пастнова, якую ён бачыў як маўклівы пікет, прысьвечаны памяці ахвяр і пацярпелых ад незаконных дзеяньняў міліцыі.
Зварот ў раённы суд са скаргай не дапамог, там прызналі, што Пастнову адмовілі на законных падставах - з-за таго, што ён ня выканаў патрабаваньняў мясцовых уладаў. Пазьней скаргу на той самай падставе адхіліла калегія абласнога суду, а цяпер - і старшыня абласнога суду Мікалай Хамічонак. Пісьмовы дакумэнт пра гэта разьмешчаны на сайце freeregion.info, на якім Ігар Пастноў вядзе ўласны блог.
Праваабарончы цэнтар "Вясна"