Віцебскі "лекар-праўдалюб" лічыць, што кепскія бытавыя ўмовы ў гарадзкіх шпіталёх зьневажаюць людзей. Асабліва з улікам таго, што "доўгабуды" і зацягнутыя на дзесяцігодзьдзі рамонты фінансуюцца зь дзяржаўнага бюджэту, а па вялікім рахунку – за кошт падаткаў тых самых пацыентаў. Таму ён прапануе зьбіраць падобныя фотадоказы і рабіць іх здабыткам галоснасьці.
Толькі тады, калі грамадзкасьць будзе ведаць пра факты бядотнага стану мясцовай мэдыцыны, з гэтым можна будзе адкрыта змагацца, перакананы Ігар Пастноў. У сваім блогу ён піша:
"Нядаўна я зноў наведаў месцы "будоўляў стагодзьдзя": інфэкцыйны шпіталь, анкадыспансэр, новы будынак наркадыспансэру, нэўралягічны корпус і тэрапэўтычнае аддзяленьне БХМД. Будоўлі спыніліся і руйнуюцца ад карозіі, вільгаці. А ўжо пастаўленае абсталяваньне проста раскрадаецца... Многія пытаюцца: навошта мне лезьці ва ўсе гэтыя нетры, змагацца зь ветракамі? Паспрабую адказаць… Напрыклад, у мяне на вачох наварочваюцца сьлёзы, калі назіраю, што за бязладзьдзе творыцца навокал. Магчыма, гэта сьлёзы бясьсільля, таму што адзін я нічога не магу зрабіць. Не магу перашкодзіць пакутам дзяцей і дарослых, не магу перашкодзіць дзікаму раскраданьню бюджэту…
Аднак на сёньня ў нашай краіне, мабыць, адзіны спосаб барацьбы - агалоска. Гэтага яны баяцца больш за ўсё на сьвеце, нават больш, чымся чорт ладану. Адна справа, калі пра штосьці гэткае кажуць на кухнях, у транспарце, чэргах. З гэтага яны толькі пасьмейваюцца. Зусім іншае - маштабны рэзананс".
Разумеючы, што ня кожны зь землякоў гатовы да публічнага выказваньня ўласнага абурэньня, Ігар Пастноў прапануе дасылаць фотафакты на ягоную электронную скрыню. Сам ён ужо не аднойчы выказваўся пра бядотны стан віцебскай мэдыцыны, пра парушэньне права на годнае жыцьцё ў адносінах да пацыентаў, якім даводзіцца лячыцца далёка не ў найлепшых умовах. Віцебскі "лекар-праўдалюб" шмат распавядае і пра мэдычныя "доўгабуды", на якія цягам дзесяцігодзьдзяў выдаткоўваюцца грошы, і пра чэргі ў паліклініках, і пра нізкія заробкі мэдыкаў…
Летась, пасьля зьяўленьня ў інтэрнэце шэрагу выступаў на гэтую тэму, Ігара Пастнова проста з працы забралі ў псыхіятрычнае аддзяленьне абласнога псыханэўралягічнага шпіталю. Гэтым яму папярэдне неаднаразова пагражалі на розных узроўнях. Віцебскага “лекара-праўдалюба” гвалтам накіравалі на прымусовае псыхіятрычнае лекаваньне, і гэтае рашэньне Віцебскага раённага суду яму дагэтуль не ўдалося абскардзіць. Ягоныя сьведчаньні пра тое, што ў судзе не прысутнічалі ні ён сам, ні адвакат, да паслуг якога адміністрацыя псыхіятрычнага шпіталю наогул не дазволіла зьвярнуцца, не былі прынятыя ні Віцебскім абласным, ні Вярхоўным судом.
Падкрэсьліваючы, што суды праігнаравалі ягонае права на незалежнае і аб’ектыўнае судовае разьбіральніцтва, ён зьвярнуўся ў Камітэт па правох чалавека ААН. Зварот Ігара Пастнова ўжо прыняты да разгляду.
Што да мэдычных установаў Віцебску, то гэтая праблема вельмі вострая для месьцічаў. Прыкладам, зважаючы на брак сродкаў, мэдработнікі Віцебшчыны прапанавалі правесьці мэтавы збор сродкаў на разьвіцьцё анкалягічнай службы рэгіёну. І гэтая прапанова абурыла землякоў: яны ведаюць, што грошы на разьвіцьцё галіны выдаткоўваюцца пэраядычна, а вось як разьмяркоўваюцца і чаму іх увесь час бракуе – невядома нікому.
Месьцічы і самі спрабуюць змагацца за выкананьне сацыяльных стандартаў: жыхары мікрараёнаў Білева-1 і Білева-2 зьбіраюць подпісы за будаўніцтва паліклінічнага комплексу. Будоўля была заплянаваная яшчэ колькі гадоў таму, у 2012 годзе ўжо была зробленая праектная дакумэнтацыя, але сёлета з плянаў інвэстыцыйнай праграмы гэты пункт зьнік, нібыта яго і не было.
spring96.org