У Віцебскай вобласьці чыноўнікі не абнаўляюць сайты райвыканкамаў. Апошнія абнаўленьні ў Дубровенскім, Гарадоцкім раёнах датуюцца лістападам - сьнежнем 2013 году, а ў Бешанковіцкім - аж лістападам 2012 году.
Паводле тэрміналёгіі ААН большасьць нашых мясцовых органаў улады, калі ня ўсё, знаходзяцца на першай, найніжэйшай прыступцы свайго электроннага разьвіцьця. Так, яны зьявіліся ў Сеціве, але іх прысутнасьць шмат у чым фармальная. Інтэрнэт-сайты большасьці райвыканкамаў мёртвыя і статычныя, яны не дапускаюць ні адносін, ні ўзаемадзеяньня з грамадзтвам. У асноўным гэта візытныя карткі раёнаў, зробленыя пад капірку. Нейкую інфармацыю яны зьмяшчаюць, але вельмі далёкую ад мэт электроннага ўраду. Тым больш, што нават гэтая мінімальная інфармацыя часьцяком неактуальная.
Каб ня быць галаслоўнымі, зазірнем на сайты райвыканкамаў Віцебскай вобласьці. Нягледзячы на тое, што з моманту выбараў у мясцовыя Саветы мінуў ужо месяц, амаль ўсюды ў разьдзеле "Улада" - сьпісы дэпутатаў райсаветаў папярэдняга 26 скліканьня, хоць пасьля 23 сакавіка яны значна абнавіліся. Могуць сказаць, што ня ўсюды яшчэ прайшлі арганізацыйныя сэсіі. Але гэта не аргумэнт, калі ўспрымаць Інтэрнэт як крыніцу інфармацыі, якая пастаянна абнаўляецца, а ня як нешта аморфнае. Акрамя таго, у шэрагу раёнаў сэсіі ўжо прайшлі. А склад райсаветаў застаўся той, які спыніў свае паўнамоцтвы.
Наогул, састарэлай інфармацыі на сайтах шмат. Такое адчуваньне, што раённая вэртыкаль туды папросту не зазірае. Выканалі атрыманае калісьці даручэньне, заплацілі за стварэньне інтэрнэт-рэсурсаў і забыліся. Або справа ў нечым іншым?
«За студзень-сьнежань 2012 году ў сельскагаспадарчых арганізацыях надоена 27,6 тыс. тон малака, што на 4,8 працэнта больш за ўзровень 2011 году. Сярэдні надой малака ад каровы склаў 4653 кіляграмы малака, прыбаўка 43 кілаграмы да адпаведнага пэрыяду мінулага году», - інфармуе сайт Лепельскага райвыканкаму.
«У галіне жывёлагадоўлі на 1-га кастрычніка 2012 году выраблена малака 21 тыс. тон, або 102,6 працэнта да ўзроўню мінулага году, - рапартуе інтэрнэт-рэсурс Гарадоцкага райвыканкаму. - Удой малака ад каровы склаў 2942 кг (+61 кг да ўзроўню 2011 году)".
Чаму няма інфармацыі, як працавалі ў 2013 годзе, незразумела. Ці не таму, што рапартаваць няма чым? Па дадзеных Нацыянальнага статкамітэту, Лепельскі раён зьнізіў удой ад каровы на 267 кіляграмаў, валавая вытворчасьць малака склала 99,3, а рэалізацыя і зусім 96,7 адсотка. У Гарадоцкім раёне ад каровы надаілі менш як у 2012-ым на 131 кіляграм, вытворчасьць і рэалізацыю зьнізілі на 3,4 і 7,1 працэнта. У выніку Лепельскі раён скаціўся па надоях на 56-е месца ў краіне, а Гарадоцкі і зусім на 100-е. Зразумела, чаму маўчаць мясцовыя сайты.
Дарэчы, з інфармаванасьцю людзей - праблемы паўсюдна. Здавалася б, што прасьцей: ёсьць орган улады, ёсьць рашэньні, што прымаюцца ім, ёсьць выбаршчык, які мае права іх ведаць. І ёсьць Інтэрнэт, які здольны ўсё гэта аб'яднаць. Не атрымліваецца. Не таму, што складана, а таму, што ня хочам. На ўсіх сайтах ёсьць спэцыяльныя разьдзелы для публікацыі рашэньняў райсаветаў і райвыканкамаў. Аднак папаўняюцца яны - горш няма куды. Скажам, апошнія абнаўленьні ў Дубровенскім, Гарадоцкім раёнах датуюцца лістападам - сьнежнем 2013 году, у Бешанковіцкім - аж лістападам 2012 году.
Але ж рашэньні, што прымаюцца мясцовай уладай, закранаюць інтарэсы многіх людзей. Успомнім хоць бы леташнюю сытуацыю з АЧС, калі давялося прымаць абмежавальныя меры. Нэгатыўная рэакцыя насельніцтва ў шэрагу месцаў была выкліканая менавіта адсутнасьцю інфармацыі. На сайце Валожынскага райвыканкаму, напрыклад, так і не зьявілася яго рашэньне аб ліквідацыі пагалоўя сьвіней у прыватным сэктары. Няма там і памяткі насельніцтву па барацьбе з АЧС, хоць прафіляктыка пры гэтай заразе - першая справа. Зрэшты, у Валожынскага інтэрнэт-рэсурсу наогул няма часткі для публікацыі рашэньняў мясцовых органаў. Навошта народ бударажыць...
Ёсьць афрыканская прыказка: «Калі зьмяняецца рытм барабана, трэба мяняць і рухі танцу». Не, не выпадкова ідэя электроннага ўраду дайшла нават да чорнага кантынэнту. Рытм сучаснага жыцьця настолькі імклівы і шматгранны, што кіраваць грамадзтвам па-старому становіцца немагчыма. Выкарыстоўваць кампутар у якасьці пішучай машынкі, як гэта яшчэ бывае ў беларускай глыбінцы, - значыць назаўсёды застацца ў мінулым стагодзьдзі.
Сельская газета