Штраф памерам 25 базавых велічынь прысудзіў судзьдзя Глыбоцкага суду Андрэй Тарасевіч. Падставай для спагнаньня стаў пратакол, складзены супрацоўніцай упраўленьня гандлю і паслуг Віцебскага аблвыканкаму Жаннай Лістападавай. У пратаколе пазначана, што ў адным з нумароў газэты за кастрычнік мінулага году былі дапушчаныя некалькі парушэньняў Закону аб рэкляме.
Толькі сёлета ў лютым заснавальнік газэты Яраслаў Берніковіч і рэдактар Зьміцер Лупач былі апавешчаныя пра складаньне пратаколу і імавернасьць штрафу. Абодва на той час заявілі, што зьбіраюцца браць удзел у выбарах у мясцовыя саветы.
Бараніцца ад прэтэнзіяў аддзелу гандлю і паслуг Віцебскага аблвыканкаму ў актывістаў не атрымалася: 15 студзеня прадстаўніка газэты выклікалі ў Віцебск, каб узяць тлумачэньні адносна парушэньня п.4 артыкулу 10 закону "Аб рэкляме". Аднак ліст з патрабаваньнем прыехаць у рэдакцыі атрымалі са спазьненьнем на тыдзень.
Апошні штраф памерам 25 базавых велічынь ужо ня першы для газэты. І не ўпершыню зьвязаны з палітычнымі падзеямі ў краіне: перад мінулымі парлямэнцкімі выбарамі газэту пільна правярала падатковая інспэкцыя. Справа таксама скончылася штрафам. У рэдакцыі лічаць, што рознага кшталту праверкі і пакараньні выкарыстоўваюць дзеля таго, каб апазыцыянэры "страцілі ахвоту" браць удзел у выбарчых кампаніях.
Праваабарончы цэнтар "Вясна"