У склад Генэральнай рады па стварэньні міжнароднага грамадзкага аб'яднаньня «За Сумленную ўладу» ўвайшлі 12 чалавек. «Як 12 апосталаў», – пажартаваў на ўстаноўчым сходзе ініцыятар стварэньня арганізацыі Пётар Іваноў. Сярод тых, хто увайшоў у раду, апроч Пятра Іванова, ёсьць і іншыя вядомыя ў Віцебску актывісты – такія як, напрыклад, доктар Ігар Пастноў.
І хаця, згодна з прынятым на сходзе палажэньнем, Генэральная рада ўтвараецца толькі з грамадзян Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі, яе дзейнасьць мяркуецца пашырыць на шмат якія краіны. На думку ідэйнага натхняльніка «За Сумленную ўладу» Пятра Іванова, ужо праз паўгода колькасьць сяброў Генэральнай Рады можа павялічыцца зь цяперашніх 12-ці да 220 чалавек – прычым з розных краін: Польшчы, Нямеччыны і нават Гандурасу.
Менавіта Пётар Іваноў і быў на сходзе абраны старшынём Генэральнай рады. Ён кажа, што неўзабаве сябры Генэральнай Рады паспрабуюць зарэгістраваць новае міжнароднае грамадзкае аб'яднаньне – або ў Беларусі, або (калі не атрымаецца тут) у нейкай іншай дэмакратычнай краіне.