На 40 выбарчых акругаў Полацкага раёну камісія зарэгістравала 46 ініцыятыўных групаў па зборы подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты. Як звычайна, гэта дырэктары мясцовых арганізацыяў і прадпрыемстваў. Але ёсьць і звычайныя грамадзяне, якія раней не вылучаліся ў дэпутаты. Цяпер ідзе збор подпісаў сярод палачан.
Як распавяла адна з палачанак Сьвятлана, якая пажадала стаць дэпутатам Полацкага раённага савету, збольшага грамадзяне без праблем падпісваюцца за вылучэньне яе дэпутатам. Збор подпісаў праходзіць па месцы жыхарства праз абыход кватэр. Сьвятлана ўжо сабрала больш за 80 подпісаў, а для вылучэньня ў дэпутаты дастаткова 75. Але яна ўсё адно зьбіраецца працягваць збор подпісаў, каб абысьці як мага больш дамоў у яе выбарчай акрузе. Сьвятлана займаецца грамадзкай дзейнасьцю зь мінулага году, калі жыхары Полацку актыўна сталі абараняць ад высечкі стары сквэр каля вакзалу. Яна са сваёй сяброўкай нават езьдзіла наконт гэтага пытаньня на сустрэчу з губэрнатарам Аляксандрам Косінцам. Дрэвы ў сквэры грамадзянам удалося адстаяць.
Выбарчая кампанія праходзіць амаль незаўважна для палачан, пікетаў пакуль ніхто ня ладзіў. Але вось у Полацкую выбарчую камісію паступаюць вусныя скаргі ад работнікаў ААТ «Полацак-Шкловалакно». Працоўныя скардзяцца, што на прадпрыемстве прадстаўнікі адміністрацыі падчас працы прапануюць ім падпісацца за вылучэньне кандыдатам дырэктара прадпрыемства Мікалая Качаноўскага. На гэта скардзіліся рабочыя зь сёмага цэху. Падобныя скаргі гучаць і ад работніц ткацкага цэху № 9: іх прымушаюць падпісвацца за начальніцу іхнага цэху Людмілу Грыдзюшка.
Аляксандар Марозаў, dyjalog.info