Праблема браку вузкіх спэцыялістаў ва ўстановах аховы здароўя Віцебскай вобласьці павінна быць вырашаная ў бягучым годзе. Такую задачу паставіў старшыня Віцебскага аблвыканкаму Аляксандар Косінец на паседжаньні аблвыканкаму, дзе разглядаліся пытаньні разьвіцьця матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя вобласьці ў 2011-2013 гадох і задачы на пэрыяд да 2015 году.
Аляксандар Косінец адзначыў, што пра недахоп вузкіх спэцыялістаў - мэдыкаў кажуць ня толькі ў раёнах. Гэтая тэма актуальная і для месьцічаў, у тым ліку жыхароў абласнога цэнтру. "Праблему забясьпечанасьці вузкімі спэцыялістамі неабходна вырашыць сёлета", - запатрабаваў губэрнатар. Ён падкрэсьліў, што для замацаваньня спэцыялістаў на месцах і зьняцьця пытаньня зь цякучасьцю кадраў неабходна ствараць для мэдыкаў прымальныя ўмовы працы і побыту. У першую чаргу вырашаць пытаньні з жытлом.
Кіраўнік вобласьці закрануў таксама тэму платных паслуг, акцэнтаваўшы ўвагу на тым, што сродкі, заробленыя мэдыкамі, павінны ў першую чаргу накіроўвацца на матывацыю працы спэцыялістаў, а не на разьвіцьцё матэрыяльна-тэхнічнай базы. "Хірургі робяць складаныя апэрацыі, але атрымліваюць мізэрны адсотак ад унесенай сумы", - сказаў Аляксандар Косінец і зьвярнуў увагу на тое, што пры такім разьмеркаваньні фінансаў мэдыкі ня маюць матывацыі для працы. У якасьці прыкладу губэрнатар прывёў сусьветную практыку: хірург, які правёў складаную платную апэрацыю, атрымлівае 30-40% ад сумы, пералічанай у клініку.
БелТА