Пракуратура Віцебску абвясьціла афіцыйнае папярэджаньне старшыню Віцебскай абласной выбарчай камісіі. На зварот праваабаронцы ў пракуратуру правялі праверку і выявілі факт парушэньня заканадаўства аб выбарах з боку старшыні Віцебскай абласной выбарчай камісіі Хомы Д.Л., «у сувязі з чым апошняму было абвешчанае папярэджаньне пра недапушчальнасьць парушэньня закону». Сам жа Павал Левінаў акрэдытаваўся ў назіральнікі нанова і працягвае сачыць за працай выбарчай камісіі...
Група грамадзян выканала ўсе патрабаваньні закону і вылучыла прадстаўніка БХК ў Віцебску Паўла Левінава ў якасьці назіральніка пры Віцебскай гарадзкой тэрытарыяльнай выбарчай камісіі. Праваабаронцу спачатку акрэдытавалі ў якасьці назіральніка (27 сьнежні 2013 г.), а потым пазбавілі гэтай акрэдытацыі (30 сьнежня). Рэч ў тым, што адзін з грамадзян падпісаўся за Левінава, знаходзячыся ў шпіталі. Камісія гэты подпіс палічыла несапраўдным, хаця грамадзянін пазьней пісьмова пацьвердзіў, што подпіс ставіў асабіста.
Павал Левінаў з такім рашэньнем не пагадзіўся і пачаў абскарджваць яго: 4 студзеня ён падаў скаргу ў Віцебскую абласную выбарчую камісію.
Выбарчым кодэксам краіны вызначаны максымальны тэрмін разгляду зваротаў - дзесяць дзён.Дык што скарга Левінава мусіла быць разгледжанай не пазьней за 13 студзеня. Але паседжаньне наконт пытаньня разгляду скаргі праваабаронцы было скліканае і праведзенае старшынём Віцебскай абласной выбарчай камісіяй Хомам Д.Л. толькі 14 студзеня 2014 году.
Левінаў вырашыў, што гэткае парушэньне закону ня можа быць пакінутае па-за ўвагай і зьвярнуўся ў пракуратуру з просьбай прымяніць да Хомы Л.Д. меры пракурорскага рэагаваньня за парушэньне ім дзейнага выбарчага заканадаўства краіны.
Беларускі Хэльсынскі Камітэт