У судзе Першамайскага раёну Віцебску адбыўся разгляд скаргі Аляксея Гаўруцікава і Хрыстафора Жаляпава. Яны патрабавалі прызнаць незаконнай забарону Першамайскай адміністрацыяй гораду пікету салідарнасьці з палітвязьнямі, які не адбыўся 10 сьнежня. Суд адмовіў актывістам.
Прычына забароны пікету ў Дзень правоў чалавека ўжо традыцыйная: адсутнасьць дамоваў на абслугоўваньне акцыі. Хоць актывісты і спрабавалі заключыць дамовы, зьвярнуўшыся ў належныя службы за два месяцы да заплянаванага мерапрыемства. Ім адмовілі ў абласной управе МУС і цэнтральнай гарадзкой паліклініцы.
Каардынатар руху "За свабоду" па Віцебскай вобласьці Хрыстафор Жаляпаў і актывіст аргкамітэту па стварэньні Сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада" Аляксей Гаўруцікаў падавалі заяўку ў Першамайскую адміністрацыю абласнога цэнтру. І разам з заяўкай – копіі лістоў з прапановай заключыць дамовы, адрасаваных у міліцыю, гарадзкую паліклініку і службу ЖКГ. З апошняй структурай няма праблем – яны пагаджаюцца на дамовы. Зь міліцыі адказалі ўжо пасьля таго, як раённыя ўлады даслалі адмову: маўляў, пра што дамаўляцца, калі акцыя ўжо забароненая. З цэнтральнай гарадзкой паліклінікі таксама прыйшла адмова: дамову на абслугоўваньне заключыць немагчыма, бо ўзімку ўсе мэдычныя службы працуюць у складаным рэжыме, абумоўленым масавымі захворваньнямі.
"Мы падавалі скаргу на рашэньне раённай адміністрацыі, але прасілі выклікаць у суд прадстаўнікоў зь міліцыі і паліклінікі ў якасьці зацікаўленых асоб, - распавядае Аляксей Гаўруцікаў. - Хацелі паслухаць аргумэнты структур, з-за чыіх адмоваў нам ужо не ўпершыню не дазваляюць правесьці акцыі. Але зь міліцыі не прыйшоў ніхто, а прадстаўнікі паліклінікі прапанавалі нам новую сваю вынаходку: аказваецца, з намі не заключаюць дамовы, бо мы зарана да іх зьвяртаемся. Маўляў, яны ня могуць скаардынаваць з намі свае дзеяньні, бо ня ведаюць сваіх плянаў. Так, мы зьвярталіся і за два месяцы да меркаваных акцыяў, і за 30 дзён, і за 20… Яны ж кажуць, што добра было б, каб за 5. Але заканадаўства патрабуе, каб заяўка на акцыю падавалася за 15 дзён мінімум. Прычым да яе адразу трэба прыкладаць і дамовы на абслугоўваньне. Гэтага патрабуюць паводле адпаведнага рашэньня гарвыканкаму".
За час дзеяньня гэтага рашэньня Віцебскага гарвыканкаму № 881 – а гэта амаль чатыры гады – у абласным цэнтры не было дазволена ніводнай акцыі з ініцыятывы мясцовых актывістаў. Хоць заявак было пададзена каля сотні, аднак справа з дамовамі "ўпіралася" ў немагчымасьць дамовіцца зь міліцыяй і мэдыкамі. Міліцыя заўсёды адказвае, што заключаць дамовы будзе толькі ў тым выпадку, калі акцыю дазволяць. А мэдыкі спасылаюцца на самыя разнастайныя адгаворкі – ад немагчымасьці арганізаваць дзяжурства ў сувязі з успышкай сэзонных захворваньняў да апошняй вэрсіі пра немагчымасьць скаардынаваць дзеяньні загадзя.
Першамайскі райсуд ня ўбачыў у гэтай сытуацыі нічога надзвычайнага, і скаргу актывістаў не задаволіў, распавёў Хрыстафор Жаляпаў:
"Рашэньне раённай адміністрацыі пра забарону акцыі прызнанае слушным, а нашы прэтэнзіі – беспадстаўнымі. Атрымліваецца, што рашэньне гарвыканкаму мусяць выкнваць толькі заяўнікі, а дзяржаўныя ўстановы, міліцыя і паліклініка могуць яго ігнараваць? Праз гэта нашы правы на правядзеньне масавых мерапрыемстваў рэалізаваць папросту немагчыма. І перашкоды для гэтага стварылі гарадзкія ўлады, прыняўшы невыканальнае рашэньне, якое адмаўляюцца зьмяніць, колькі мы гэтага ні патрабавалі".
Праваабарончы цэнтар "Вясна"