Судзьдзя Першамайскага райсуду Натальля Карабліна прызнала Сяргея Рыжова вінаватым у хуліганстве і непадпарадкаваньні міліцыянтам — супрацоўнікам выцьвярэзьніку 16 лістапада мінулага году. Сам палітык настойвае, што ў выцьвярэзьніку яго зьбівалі, а потым сфабрыкавалі справу пра непадпарадкаваньне.
Паводле Рыжова, судзьдя не дапусьціла да ўдзелу ў працэсе лекара Ігара Пастнова. Пастноў першым сустрэў Рыжова пасьля падзеяў у выцьвярэзьніку, і быў гатовы пацьвердзіць, што бачыў сьляды катаваньняў. Аднак суд не палічыў мэтазгодным выслухаць гэтыя паказаньні.
«У судзе дэманстраваліся відэазапісы відэакамэр у выцьвярэзьніку. Але толькі 5 асобных фрагмэнтаў і бяз гуку. Фрагмэнты былі падабраныя так, што на іх не было відаць, як мяне зьбіваюць, выкручваюць пальцы, спрабуюць душыць. Цялесныя пашкоджаньні зафіксаваныя мэдыкамі пасьля майго выхаду з выцьвярэзьніку, гэтыя дакумэнты атрымаў і Сьледчы камітэт, які праводзіў праверку маіх скаргаў на дзеяньні міліцыянтаў. Але сьледчыя вызначылі, што супрацоўнікі міліцыі не перавысілі службовых паўнамоцтваў. Судзьдзя адмовіла майму адвакату, які хадайнічаў, каб матэрыялы гэтай праверкі былі далучаныя да судовай справы і агучаныя на працэсе», — распавёў Сяргей Рыжоў.
Пра тое, што яго вінавацяць у хуліганстве і непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі, віцебскі стваральнік незарэгістраванай Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі «Белая Русь» даведаўся ўжо пасьля таго, як Сьледчы камітэт распачаў сваю праверку. Рыжоў лічыць, што абвінавачаньні супраць яго — гэта спроба міліцыянтаў апраўдаць факты гвалту і катаваньняў.
Судзьдзя Натальля Карабліна прыняла рашэньне, узяўшы пад увагу паказаньні сьведак — супрацоўнікаў выцьвярэзьніку. За хуліганства яна прысудзіла Сяргею Рыжову 7 сутак, і яшчэ 8 сутак — за непадпарадкаваньне патрабаваньням супрацоўнікам міліцыі.
Радыё Свабода