12 студзеня лекар Ігар Пастноў хацеў зладзіць адзіночны пікет-рэквіем супраць міліцэйскага свавольства. Пікет мусіў адбыцца ў месцы, адмыслова адведзеным віцебскімі ўладамі пад масавыя мерапрыемствы, аднак намесьнік кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску Анатоль Кандратовіч забараніў імпрэзу – лекар не заключыў дамоваў з мэдыкамі, міліцыянтамі і камунальнікамі. У выніку Ігар Пастноў зладзіў пікет за межамі гораду, у лесе.
У чарговым відэазвароце да грамадзян доктар Пастноў распавёў пра мэту акцыі – гэта кансалідацыя жыхароў Віцебску супраць гвалту з боку супрацоўнікаў міліцыі. Лекар згадаў шматлікія выпадкі перавышэньня сваіх службовых паўнамоцтваў міліцыянтамі, якія зьбіваюць і катуюць людзей.
«Давайце пазбавімся ад садыстаў і гвалтаўнікоў, якія ёсьць у міліцыі, – заклікаў віцебчукоў доктар Ігар Пастноў. – Бо садыст і гвалтаўнік без паўнамоцтваў ня гэтакі страшны. А вось калі ён у пагонах, калі яму давераныя жыцьці людзей – тады гэта страшна!».