Група грамадзян, якая вылучала сябру Беларускага Хэльсынскага камітэту Паўла Левінава ў Віцебскую абласную тэрытарыяльную выбарчую камісію, паспрабавала абскардзіць у судзе рашэньне Віцебскага аблвыканкаму і Прэзыдыюму Віцебскага абласнога савету дэпутатаў аб утварэньні камісіі. Безвынікова – судзьдзя Натальля Хількевіч пастанавіла, што парушэньняў пры фармаваньні абласной выбарчай камісіі не было.
На судовым паседжаньні, якое доўжылася больш за 4 гадзіны, прысутнічаў сам Павал Левінаў, двое з тых грамадзян, што вылучалі яго ў камісію, а таксама прадстаўнікі зацікаўленых асоб – аблвыканкаму і аблсавету. Павал Левінаў зьвярнуў увагу судзьдзі на шэраг парушэньняў, якія дапусьцілі мясцовыя ўлады, фармуючы абласную выбарчую камісію, але судзьдзя Хількевіч, прымаючы рашэньне, не прыняла яго аргумэнты пад увагу.