Улады забаранілі правядзеньне ў Віцебску пікету 19 сьнежня – у 3-ю гадавіну разгону мірнай акцыі ў апошні дзень прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Заяўку на правядзеньне мерапрыемства падаваў мясцовы палітычны актывіст Аляксандар Кірылаў. Мерапрыемства павінна было пачацца ў 20:00 (з гэтага моманту ЦВК пачаў падлік галасоў выбаршчыкаў) і скончыцца а 20:30 (у гэты час Някляеву праламалі галаву, а астатніх кандыдатаў пачалі арыштоўваць, не дачакаўшыся вынікаў падліку галасоў).
Зрэшты, нягледзячы на забарону, пікет, магчыма, усё-такі адбудзецца. Бо, на думку Кірылава, для такога мерапрыемства не патрэбна ніякага адмысловага дазволу ад мясцовых уладаў. У заяўцы на пікет ён напісаў: «Дадаткова паведамляю, што ў межах артыкулу 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь за грамадзянамі захоўваецца права правядзеньня пікету 19.12.2013 году і без дазволу чыноўнікаў, што замацавана таксама ў артыкуле 137 і абзацы 3 артыкулу 140 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь».