Тры заяўкі на пікеты – па адной у адміністрацыю кожнага з раёнаў Віцебску – падаў праваабаронца Павал Левінаў. Правядзеньне пікетаў заяўленае ў месцах, адмыслова адведзеных мясцовымі ўладамі пад масавыя мерапрыемствы. У кожнай з акцыяў, згодна з заяўкамі, возьме ўдзел толькі адзін чалавек. І кожная зь іх будзе працягвацца… адну хвіліну. Усё гэта павінна адбыцца 10 сьнежня – у Сусьветны дзень правоў чалавека.
Мэта ўсіх заяўленых пікетаваньняў (цытата з заявак): «Аказаньне спрыяньня дзяржаўным інстытутам ва ўмацаваньні і разьвіцьці правоў чалавека, прапаганды дакумэнтаў у падтрымку правоў чалавека і публічнага выказваньня свайго меркаваньня наконт праблемы парушэньня правоў чалавека».
Як усяго за адну хвіліну пікетаваньняў Павал Левінаў зьбіраецца данесьці сваё меркаваньне да грамадзян – ён не паведамляе. Але наўрад ці ўлады дазволяць праваабаронцу нават такія кароткачасовыя акцыі. З прычыны рашэньня Віцебскага гарвыканкаму № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у г. Віцебску» у горадзе з 2009 году дэмакратычным актывістам ці праваабаронцам не ўдалося зладзіць ніводнай акцыі: рашэньне патрабуе далучаць да заявак на акцыі дамовы, якія заключыць на практыцы немагчыма.
Калісьці, у жніўні 2012 году, Павал Левінаў ужо спрабаваў правесьці адзіночны 1-хвілінны пікет. Ім была пададзеная адпаведная заяўка, але намесьніца кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску Натальля Ляпёшкіна той пікет над падставе невыкананьня заяўнікам згаданага вышэй рашэньня № 881 забараніла. Кур’ёзнасьць сытуацыі заключаецца ў тым, што мэтай правядзеньня таго пікету, які так і не адбыўся, было інфармаваньне жыхароў гораду пра тое, што пікет будзе забаронены… Ляпёшкінай.