У цяперашні час тэрміновая дапамога віцебскаму лекару Ігару Пастнову, які быў падвергнуты прымусоваму псыхіятрычнаму лячэньню, больш не патрэбная. «Аднак дыягназ “псыхапатычнае разладзьдзе асобы з маніяй перасьледу ўладаў” застаўся, і ён можа зноў падвергнуцца лячэньню, калі працягне гэтаксама адкрыта крытыкаваць улады», – гаворыцца ў чарговым паведамленьні арганізацыі Amnesty International («Міжнародная амністыя»).
«Ігар Пастноў апісаў сваё знаходжаньне ў шпіталі як псыхалягічнае катаваньне: ён быў пазбаўлены якой-кольвек сувязі з вонкавым сьветам, у тым ліку ня мог сустракацца з адвакатам, тэлефанаваць і атрымліваць перадачы. Ён ня ведаў пра тое, што праваабаронцы, актывісты і ягоныя сябры распачалі кампанію з патрабаваньнем яго вызваленьня. Напачатку ён адмаўляўся ад любога лячэньня, але пасьля таго як лекары прыгразілі, што пакінуць яго ў шпіталі надоўга, калі ён працягне адмаўляцца, ён пагадзіўся прымаць прапісаныя лекі», – паведамляе Amnesty International.
Ігар Пастноў падзякаваў згаданай уплывовай міжнароднай арганізацыі за звароты, дасланыя ў ягоную падтрымку. «Я ўпэўнены, што гэтыя лісты адыгралі ролю ў маім вызваленьні, але ж справа ня толькі ўва мне, – цытуе Ігара Пастнова Amnesty International. – Калі ўрад зьбіраецца ўжываць гэткія мэтады для барацьбы з іншадумцамі, гэта вельмі страшна».
Amnesty International паведамляе, што працягне падтрымліваць доктара Ігара Пастнова і дапаможа арганізаваць яго незалежнае мэдычнае абсьледаваньне.
Нагадаем, доктар Ігар Пастноў быў зьмешчаны на прымусовае лячэньне ў Віцебскі абласны цэнтар псыхіятрыі і наркалёгіі 16 жніўня 2013 году. Зьмяшчэньне Пастнова ў вар’ятню адбылося з санкцыі пракурора. 21 жніўня судзьдзя суду Віцебскага раёну Тацьцяна Дзегцярова ў закрытым паседжаньні прыняла рашэньне аб прымусовым лячэньні доктара. Праваабаронцы дапамаглі Пастнову накіраваць скаргу на рашэньне судзьдзі Дегцяровай, але яго касацыйная скарга была пакінутая без задавальненьня. 20 верасьня Ігар Пасноў быў вызвалены, але мусіў працягнуць лячэньне ва ўмовах дзённага стацыянару.
Шмат хто зьвязвае гвалтоўнае зьмяшчэньне доктара Пастнова ў вар’ятню зь яго публічнай крытыкай мясцовых уладаў на чале са старшынём Віцебскага аблвыканкаму Аляксандрам Косінцам. Ён быў вызвалены пасьля таго, як у справу ўмяшаліся праваабаронцы, і Amnesty International запатрабавала незалежнай экспэртызы для апальнага доктара ды заявіла пра гатоўнасьць прызнаць яго вязьнем сумленьня.