Віцебскія сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ хацелі публічна адсьвяткаваць юбілей партыі. Дзеля гэтага яны падалі заяўку ў адміністрацыю Чыгуначнага раёну на пікет. Акцыя мусіла адбыцца 18 кастрычніка ў месцы, адмыслова адведзеным уладамі пад масавыя мерапрыемствы – у парку чыгуначнікаў, тым ня менш намесьніца кіраўніка раённай адміністрацыі Натальля Ляпёшкіна акцыю забараніла.
Нагадаем, гэта ўжо другая акцыя, забароненая цягам менш як тыдня спадарыняй Ляпёшкінай: у мінулую пятніцу ў мэдыях была апублікаваная інфармацыя пра тое, што яна не дазволіла праваабаронцам Віцебску правесьці пікет супраць сьмяротнага пакараньня.
І тады, і цяпер прычына забароны мерапрыемстваў тая самая: арганізатары не заключылі дамоваў зь міліцыяй, мэдыкамі, ЖКГ на абслугоўваньне акцыяў і тым самым ня выканалі невыканальнае рашэньне гарвыканкаму № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у г. Віцебску» – за больш як чатыры гады пасьля прыняцьця гэтага рашэньня выканаць яго патрабаваньне аб заключэньні дамоваў ня здолеў яшчэ ніхто.
Заяўнікамі акцыі на ўгодкі БНФ былі актывісты партыі Ян Талпыга і Ян Дзяржаўцаў. Імі таксама пададзеныя заяўкі ў Кастрычніцкую і Першамайскую раённыя адміністрацыі Віцебску яшчэ на два пікеты. На 20 кастрычніка заплянаванае правядзеньне акцыі пратэсту супраць разьмяшчэньня расейскіх вайсковых баз у Беларусі, а 27 кастрычніка – супраць будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы.
Найхутчэй, названыя акцыі таксама будуць забароненыя. Але, мабыць, гэта ня стане перашкодай для іх правядзеньня: сёлета пасьля адной з такіх забаронаў сябры КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў і Віталь Каваленка ўсё-такі зладзілі у гадавіну Чарнобыльскай трагедыі несанкцыянаваны пікет супраць будаўніцтва атаманай электроўні ў Беларусі, за што пазьней былі пакараныя штрафам па 20 базавых велічынь кожны.