Судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Віцебску Алена Протас прызнала сябра партыі левых «Справядлівы сьвет» Андрэя Андрэева вінаватым у парушэньні артыкулу 22.9 КаАП (парушэньне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі) і прысудзіла яму штраф у памеры 20 базавых велічынь. Такому пакараньню партыйны актывіст быў падвергнуты за распаўсюд друкаванай прадукцыі кампаніі «Гавары праўду». Гэтая прадукцыя, маўляў, зьяўляецца сродкам масавай інфармацыі, не зарэгістраваным у Рэспубліцы Беларусь.
Нагадаем, Андрэй Андрэеў быў затрыманы 13 жніўня. Ён раскідваў улёткі з інфармацыяй пра «Грамадзянскую дамову» і «Народны рэфэрэндум» па паштовых скрынках. Імаверна, за ім сачылі – калі ён увайшоў у чарговы пад’езд, праз хвіліну у пад’езьдзе зьявіўся супрацоўнік міліцыі і прапанаваў актывісту праехаць зь ім у пастарунак. Амаль 700 асобнікаў улётак былі канфіскаваныя, на іх распаўсюдніка склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні.
У судзе Андрэй Андрэеў прызнаў, што распаўсюджваў улёткі і тым самым, магчыма, парушыў адміністрацыйны кодэкс. Але заявіў, што вінаватым сябе ня лічыць. Улічваючы, што правапарушэньне ён зьдзейсьніў упершыню, судзьдзя прызначыла яму мінімальны памер штрафу, прадугледжанага адпаведным артыкулам КаАП. Партыйны актывіст заявіў, што зьбіраецца абскардзіць рашэньне суду.