Віцебскі лекар Ігар Пастноў, які знаходзіцца на прымусовым лячэньні ў абласным цэнтры псыхіятрыі і наркалёгіі, просіць перавесьці яго ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар псыхічнага здароўя ў Навінках. Пра гэта паведамілі віцебскія праваабаронцы Пётар Іваноў і Леанід Сьвецік, якія сустрэліся з Постновым 5 верасьня.
Сустрэча праходзіла ў прысутнасьці загадчыцы 2-га аддзяленьня абласнога цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі Натальлі Васільевай. Паводле слоў Леаніда Сьвеціка, доступ да Ігара Пастнова па-ранейшаму абмежаваны, яго мабільны тэлефон знаходзіцца ў загадчыцы аддзяленьня. “Ён некалькі разоў зьвяртаўся да галоўнага ўрача з тым, каб яго перавялі ў рэспубліканскі цэнтар псыхічнага здароўя, ён нават гатовы аплаціць сваё лячэньне там”, - распавёў праваабаронца.
Паводле слоў Пятра Іванова, загадчыца аддзяленьня пацьвердзіла факт атрыманьня, прынамсі, адной заявы аб пераводзе ў Менск. “Тым ня менш, яму пакуль не адказалі”, - сказаў праваабаронца. У яго склалася ўражаньне, што “кіраўніцтва шпіталя таксама хоча хутчэй закрыць гэтае пытаньне”.
Леанід Сьвецік таксама паведаміў, што Ігар Пастноў хоча зьвярнуцца да галоўнага псыхіятра Беларусі з просьбай разабрацца ў ягонай справе або хаця б прыслаць свайго прадстаўніка, праезд якога ў Віцебск лекар гатовы аплаціць. Паводле слоў праваабаронцаў, 3 верасьня Пастнову “павялічылі дозу заспакойлівых псыхалептыкаў”. “Гэта адбылося ў адказ на просьбу Пастнова даць яму яго гісторыю хваробы. Ён скардзіўся на дрэннае самаадчуваньне загадчыцы аддзяленьня” , - распавёў Леанід Сьвецік.
Ігар Пастноў таксама напісаў ліст на імя старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізычнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыкі Нацыянальнага сходу Аляксандра Цацоха. “Пастноў быў у яго на прыёме перад тым, як яго паклалі ў шпіталь. У лісьце ён паведамляе, што зь ім здарылася пасьля прыёму. Ён просіць, каб у закон “Аб аказаньні псыхіятрычнай дапамогі” ўнесьлі зьмены, скасавалі палажэньні, якія парушаюць правы пацыентаў” , - паведаміў Леанід Сьвецік. Свой ліст Аляксандру Цацоха Пастноў перадаў праз праваабаронцаў.
Як паведамлялася раней, віцебскі лекар Ігар Пастноў апынуўся на лячэньні ў псыхіятрычным шпіталі пасьля свайго апошняга відэавыступу ў інтэрнэце, дзе ён крытычна выказваўся пра стан віцебскай мэдыцыны, прымусовае кадаваньне ад алькагалізму, а таксама пра тое, што яго самога запалохваюць прымусовым псыхіятрычным лячэньнем. 16 жніўня Пастнова забралі ў лякарню прама з працы. Здабыць інфармацыю пра Пастнова складана яшчэ і таму, што ў яго няма блізкіх сваякоў.
29 жніўня праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” заявіла аб гатоўнасьці прызнаць Пастнова вязьнем сумленьня. “Затрыманьне Ігара Пастнова магло быць неабгрунтаваным з-за выказанай ім законнай крытыкі сыстэмы аховы здароўя Віцебскай вобласьці. Калі гэта так, то “Міжнародная амністыя” будзе лічыць яго вязьнем сумленьня” , - гаворыцца ў заяве праваабарончай арганізацыі.
БелаПАН