Жыхар Віцебску Пётар Іваноў ізноў аштрафаваны за адміністрацыйнае правапарушэньне, нібыта ўчыненае ім. Памер чарговага штрафу – 5 мільёнаў рублёў. Прычым пра тое, што яго судзілі, Пётар Іваноў даведаўся ўжо калі разгляд справы ў судзе завяршыўся: як сьцьвярджае спадар Іваноў, позву ў суд ён атрымаў на наступны дзень пасьля судовага паседжаньня.
Такім чынам, на думку Пятра Іванова, судзьдзя Першамайскага райсуду Віцебску Натальля Карабліна пазбавіла яго права на справядлівы разбор справы незалежным і бесстароньнім судом, што зьяўляецца парушэньнем часткі 1 артыкулу 14 міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох.
Справу накіраваў у суд начальнік Першамайскага АУС Віцебску. Артыкул кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях, паводле якога судзілі Пятра Іванова, – 23.5 – «абраза службовай асобы падчас выкананьня ёй службовых паўнамоцтваў». Ён нібыта абразіў міліцыянтаў Сьцяпанава і Багатырова, якія выступалі супраць яго сьведкамі ў судзе 17 красавіка.
Нагадаем, 17 красавіка судзьдзя Валянціна Кісьмярошкіна прызнала Пятра Іванова вінаватым у фальшывым сьведчаньні на міліцыянтаў ды непадпарадкаваньні супрацоўнікам праваахоўных ворганаў. Тады памер штрафу склаў 4 мільёны рублёў.
Рэпрэсіі супраць Пятра Іванова, магчыма, ня спыняцца на другім з пачатку году адміністрацыйным пакараньні. Ня выключана, што неўзабаве ён будзе абвінавачаны і паводле крымінальнай справы: як мы паведамлялі раней, пасьля суду 17 красавіка судзьдзя Кісьмярошкіна зьвярнулася ў сьледчы камітэт, каб той правёў праверку, ці ня зьдзейсьніў Пётар Іваноў злачынствы паводле артыкулаў 369 («зьнявага прадстаўніка ўлады»), 391 («зьнявага судзьдзі») і 400 («заведама фальшывы данос»).