Хрысьціянскія дэмакраты Віцебшчыны плянуюць удзельнічаць у выбарах у мясцовыя саветы, якія маюць адбыцца ў 2014 годзе. Пра гэта «Віцебскай Вясьне» паведаміла абласная каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацьцяна Севярынец. Зрэшты, падкрэсьліла яна, пакуль яшчэ гэта не афіцыйная пазыцыя.
На думку Тацьцяны Севярынец, выбарчая кампанія 2014 году будзе вельмі важнай. У ёй змогуць узяць удзел шмат актывістаў «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі», што дасьць ім магчымасьць паспрабаваць сябе ў палітычным жыцьці ды зьвярнуцца да людзей на месцах.
Нагадаем, на апошніх выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў 2012 годзе хрысьціянскія дэмакраты былі аднымі з самых пасьлядоўных прыхільнікаў байкоту. Імі былі зладжаныя дзясяткі акцыяў у падтрымку байкоту па ўсёй краіне. Таксама сябры аргкамітэту па стварэньні БХД удзельнічалі ў кампаніі назіраньня за выбарамі, падчас якой, паводле іх слоў, зафіксавалі шматлікія факты парушэньня выбарчага заканадаўства.