Раскрытая крымінальная справа, заведзеная па факце хуліганскіх дзеяньняў з выкарыстаньнем самаробнага выбуховага прыстасаваньня ля адміністрацыйнага будынку ўпраўленьня КДБ Беларусі па Віцебскай вобласьці 11 лістапада. Пра гэта паведамілі 20 лютага на сумесным брыфінгу начальнік упраўленьня Сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці Ўладзімер Шалухін і начальнік УУС Віцебскага аблвыканкаму Ігар Яўсееў. У зьдзяйсьненьні злачынства абвінавачваецца жанчына, раней судзімая за пашкоджаньне маёмасьці, хуліганства і крадзяжы.
Віцяблянка 1970 года нараджэньня, якая працуе на адным з прадпрыемстваў абласнога цэнтру, раней прыцягвалася да крымінальнай адказнасьці (усе судзімасьці пагашаныя). Учыненьне тых злачынстваў яна тлумачыла недахопам адрэналіну, адзначыў Уладзімер Шалухин, падкрэсьліўшы, што цяпер на допытах з нагоды зьдзяйсьненьня хуліганскага выбуху ля будынку ўпраўленьня КДБ ў Віцебску абвінавачаная даваць паказаньні адмовілася, скарыстаўшыся правам, дадзеным артыкулам 27 Канстытуцыі РБ (Ніхто не павінен прымушацца даваць паказаньні і тлумачэньні супраць самога сябе, чальцоў сваёй сям’і, блізкіх сваякоў. Доказы, атрыманыя з парушэньнем закону, ня маюць юрыдычнай сілы).
Закранаючы іншыя падрабязнасьці, начальнік УСК РБ па Віцебскай вобласьці паведаміў, што жанчына мела сярэднюю адукацыю, была нязамужам, пражывала са састарэлай маці (маці ня ведала пра «дзейнасьць» сваёй дачкі), захаплялася мужчынскімі відамі спорту і практыкавала мужчынскі стыль адзеньня, што ўскладніла пошук вінаватага. Вызначыць яе датычнасьць да рэзананснага злачынства, акрамя шырокага арсэналу, знойдзенага пры ператрусе па месцы жыхарства, дапамаглі доказы, пакінутыя абвінавачванай на месцы злачынства, у тым ліку сьляды і кавалачак упакоўкі ад лекавага сродку, прызначанага для лекаваньня мочакаменнай хваробы.
Паводле словаў У. Шалухіна, падчас агляду месца здарэньня былі канфіскаваныя шматлікія фрагмэнты металу, якія зьяўляюцца фрагмэнтамі бляшанкі з-пад энэргетычнага напою, клейкай стужкі і іншыя рэчавыя доказы, якія дазваляюць ідэнтыфікаваць асобу, якая ўчыніла злачынства. Праведзеныя экспэртныя дасьледаваньні і сьледчыя дзеяньні дазволілі зрабіць выснову аб палавой прыналежнасьці падазраванага і наяўнасьці ў яе ці яе блізкіх пэўнага захворваньня. У ходзе ацэнкі канфіскаваных рэчыўных доказаў быў высунуты шэраг вэрсіяў. Акрамя таго, былі старанна вывучаныя матэрыялы праверак па ўсіх фактах хуліганскіх дзеяньняў з выкарыстаньнем піратэхнічных прыладаў у Віцебскай вобласьці. У выніку праведзенай працы ў поле зроку сьледчых трапіла жыхарка Віцебску 1970 году нараджэньня. У рамках расьсьледаваньня крымінальнай справы па месцы жыхарства апошняй неадкладна быў праведзены ператрус.
Сьледчымі УСК Беларусі па Віцебскай вобласьці і апэратыўнымі супрацоўнікамі УУС Віцаблвыканкаму былі выяўленыя і канфіскаваныя паўагульны сшытак з запісамі ад рукі аб выбуховых рэчывах і іх суадносінах, спосабах вырабу выбуховых сумесяў і ўклейка з газэтных выразак аб рознага кшталту выбухах, у тым ліку аб выбуху ля адміністрацыйнага будынку УКДБ Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласьці; некалькі аналягічных канфіскаваных падчас агляду месца здарэньня самаробных выбуховых прылад, упакаваных у бляшанку з-пад энэргетычнага напою і піва, каля ста пэтардаў, у тым ліку разукамплектаваных; пнэўматычны пісталет, палімэрныя слоікі; клейкая стужка; сыпучыя рэчывы рознай этымалёгіі, у тым ліку салетра, а таксама іншыя прадметы, аднастайныя тым, што былі канфіскаваныя падчас агляду месца здарэньня.
Перад правядзеньнем першага допыту абаронцам была аказаная бясплатная юрыдычная кансультацыя. «У ходзе правядзеньня допыту абвінавачаная ад дачы паказаньняў адмовілася», — падкрэсьліў Уладзімер Шалухін. Дастатковасьць наяўных у справе доказаў дазволіла прыцягнуць віцяблянку ў якасьці абвінавачванай па крымінальнай справе паводле ч.3 арт.339 КК Рэспублікі Беларусь. У дачыненьні да абвінавачанай абраная мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту. Папярэдняе сьледства па крымінальнай справе працягваецца, дадаткова запланаваны шэраг сьледчых дзеяньняў і апэратыўных мерапрыемстваў.
“Што “знайшлі” ў падвале Канавалава, тое перавезьлі ў склеп гэтай жанчыне. Паводле лёгікі сьледзтва па тэрактаў, гэтая жанчына павінна ісьці паравозам па справе Канавалава, але не пасьпела, такім чынам, ёй паабяцаюць артыкул за хуліганства і добрую выхадную дапамогу”, - заявіў UDF.BY былы палкоўнік спэцслужбаў Уладзімер Барадач. Так экспэрт пракамэнтаваў інфармацыю аб раскрыцьці крымінальнай справы па выбуху ля будынку Віцебскага КДБ.
На думку экспэрта, “Для КДБ і МУС хутка не застанецца нераскрытых злачынстваў. Асабліва тых, якія кідаюць цень на саму ўладу. КДБ шукаў па апошнім віцебскім выбуху больш маладога і жвавага чалавека, чымся гэтая жанчына. Арыштаваны не адзін чалавек, дапытаныя сотні сьведак і падазраваных. І вось, каб заткнуць ўсе вэрсіі і больш ня вяртацца да выбухаў 2008 і 20011 гадоў, знайшлі яшчэ аднаго казла адпушчэньня - жанчыну. Уявіце, на якую рызыку ішоў чалавек, рыхтуючы выбух ля будынку КДБ, аналягічны выбухам 2005 і 2006 гадоў. Фактычна, ён пераводзіў часткова стрэлкі і адказнасьць за злачынствы 2005-2006, 2008 і 20011 гадоў на сябе”.
“Гэты выбух паказваў безгрунтоўнасьць сьледзтва па справе Канавалава і Кавалёва. У справе пра тэракт Нас пераконвалі, што гэта работа вялікага вундэркінда і аматара хіміі Канавалава. Тут жа спэцслужбы абвяргаюць самі сябе, сьцьвярджаючы, што выбухі ў Віцебску, якія прыпісаныя Канавалаву (іх было каля дзевяці) можа ажыцьцявіць нават простая жанчына, прычым са зрухам па фазе. Адчуваецца хватка новага старшыні КДБ Вакульчыка. Але мэтады і доказная база засталіся ранейшымі. Дарэчы, усе ўжо забыліся, што на сьледчым экспэрымэнце Канавалаў адмаўляў сваю датычнасьць да выбухаў у Віцебску”, - кажа Ўладзімер Барадач.
“Больш таго, на відэа, дзе Канавалаў на сьледчым экспэрымэнце вырабляе выбуховае прыстасаваньне, дапушчаная фатальная памылка для фабрыкантаў усёй справы па выбуху ў мэтро. Канавалаў у фальгу заварочвае звышадчувальныя СТСТ (выбуховае рэчыва) і абціскае ў кулаку. Па-першае, ад трэньня яно выбухае. Па-другое, там знаходзіцца электралямпачка, але каб выбух у выніку адбыўся, яна павінна быць без шкляной абалонкі. Ці вытрымае пасьля гэткага абцісканьня ў кулаку валасок лямпачкі? Не. Дык што ўсё, што зьвязана з вырабам бомбаў і ўдзелам у тэрактах Канавалава і Кавалёва, - гэта лажа тых, хто фабрыкаваў гэтыя справы. Але паколькі тыя справы рыхтавалі і фабрыкавалі іншыя людзі, то ў раскрыцьці новых удзельнічаюць іншыя асобы. Атрымліваецца, міжволі адны абвяргаюць “праколы” іншых. Адны даказваюць, што ўсё жыцьцё Канавалава была зьвязанае з хобі па хіміі і вырабам выбухоўкі, іншыя кажуць, што гэта можа зрабіць любы пацыент вар’ятні. Бо за ўсімі выбухамі хаваецца лёгіка. Віцебск адно. За выбухам 2008 году зусім іншае, і тым больш нічога ня зьвязвае гэтыя выбухі з тэрактам 2011 году”, - перакананы палкоўнік у адстаўцы.
“Выбух КДБ у Віцебску быў аналягічны выбухам 2005 і 2006 гадоў, і ён паставіў пад сумнеў расьсьледаваньне па тэракце і датычнасьць да іх Канавалава. Такім чынам, паступіў загад зьверху раскрыць апошні выбух любой цаной. Вось ён і раскрыты фармальна, і фармулёўка простая - хуліганства… Але гэта не работа напаўвар’яткі, а больш тонкая гульня, на мяжы фолу, людзей больш сур’ёзных. Як я казаў, Лукашэнку намякаюць, што за злачынствы і тэракты ў 2008 і 2011 гадоў яго размажуць, людзі маюць усю доказную базу. Лукашэнка зьняважылі ў Сочы, ён робіць рывок на Захад, а яму нагадваюць пра абавязкі. Гэткія сцэнары будуць разыгрывацца яшчэ доўга”, - сьцьвярджае Ўладзімер Барадач.
«Сьледзтву выгадна, каб жанчына, падазраваная ў тэракце, маўчала, як гэта было з Канавалавым», - гэтак былы сьледчы пракуратуры і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак пракамэнтаваў заяву Сьледчага камітэту аб раскрыцьці крымінальнай справы па факце выбуху ля адміністрацыйнага будынку ўпраўленьня КДБ па Віцебскай вобласьці.
«Як сьледчы, магу сказаць, што афіцыйная вэрсія выглядае непраўдападобна. Пра гэта сьведчыць той факт, што ў арыштаванай няма адукацыі. Каб вырабляць выбуховыя прылады, трэба добра разьбірацца ў хіміі і мець доступ да хімрэактываў. На гэтым фоне запісы ў сшытках аб выбуховых рэчывах і выразкі з газэт выглядаюць прымітыўна. Магчыма, што гэтая жанчына, раней судзімая за крадзяжы, у чарговы раз трапілася на крадзяжы. Улічваючы гэтую акалічнасьць, яе пераканалі ўзяць на сябе адказнасьць за выбух і маўчаць», - адзначыў юрыст.
Алег Воўчак зьвярнуў увагу на факт, што на працягу мінулага тыдня да яго зьвярталіся па дапамогу жанчыны-інваліды, у якіх у прымусовым парадку хочуць узяць адбіткі пальцаў: «Ня выключана, што пасьля арышту жыхаркі Віцебску распачнецца агульнарэспубліканская кампанія па зборы адбіткаў пальцаў ўжо ў жанчын. Але галоўнай прычынай майго недаверу да афіцыйнай вэрсіі зьяўляецца той факт, што на прэс-канфэрэнцыі Сьледчага камітэту наконт гэтай справы не былі названыя матывы злачынства. Усё гэта яшчэ раз даказвае, што сілавыя структуры імкнуцца падняць свой імідж і аўтарытэт у вачох Лукашэнкі і атрымаць чарговыя званьні і ўзнагароды, а не знайсьці праўду», - сказаў на заканчэньне праваабаронца.
Паводле “Нашай Нівы”, UDF.by, “Хартыі ‘97″