Дырэктар ТРК «Віцебск» Анатоль Камовіч падзякаваў старшыні Віцебскай абласной рады партыі БНФ Леаніду Аўтухову: «Вялікі дзякуй Вам за ўвагу да этэру нашай тэлерадыёкампаніі. Ваша прапанова вельмі слушная, але ж стварэньне новых праектаў у гэтым годзе кампаніяй не заплянаванае з прычыны недахопу фінансавых сродкаў». Гэтак галоўны тэлевізійнік Віцебшчыны адказаў на зварот мясцовага лідэра БНФ з прапановай аб стварэньні праграмы грамадзка-палітычнага накірунку.
У сваім звароце да чыноўніка Леанід Аўтухоў адзначаў, што грамадзянам краіны не хапае такой праграмы, у якой прадстаўнікі ўсіх зарэгістраваных грамадзкіх і палітычных арганізацыяў маглі б прадставіць сваё бачаньне сёньняшніх рэаліяў, выказаць свае крытычныя заўвагі і абмеркаваць праблемы з запрошанымі службовымі асобамі розных узроўняў. Гэткая праграма, на думку спадара Аўтухова, набыла б найвышэйшы рэйтынг і дапамагла б вырашыць некаторыя застарэлыя праблемы Віцебску і вобласьці.
Мяркуючы па адказе кіраўніка віцебскай тэлерадыёкампаніі, ён нібыта цалкам падтрымлівае прапанову віцебскага кіраўніка БНФ, але ня можа нічога зрабіць з-за браку фінансаў. Дык, мабыць, грамадзянам, якія хочуць пачуць голас прадстаўнікоў партыяў і грамадзкіх рухаў з тэлеэкранаў, варта ўкласьці ў справу ўласныя грошыкі ды распачаць збор ахвяраваньняў на ўвасабленьне «слушнай прапановы» БНФ у жыцьцё?
Віцебская Вясна