Аляксандар Лукашэнка сваім указам узнагародзіў дзяржаўнымі ўзнагародамі вялікую групу супрацоўнікаў праваахоўных ворганаў, якія маюць дачыненьне да затрыманьня і расстрэлу абвінавачаных у тэракце Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва.
У ліку ўзнагароджаных ордэнамі Айчыны, «За службу Радзіме» і мэдалямі «За адвагу», «За адзнаку ў ахове грамадзкага парадку» кіраўнікі і сьледчыя Сьледчага камітэту, начальнікі ўпраўленьняў і апэратыўнікі галоўнага ўпраўленьня апэратыўна-вышуковай дзейнасьці і галоўнага ўпраўленьня крымінальнага вышуку МУС, кіраўнікі і байцы спэцпадразьдзяленьня МУС па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз», прадстаўнікі экспэртна-крыміналістычнай службы МУС і шэраг іншых.
Як піша блогер d_zholik, самай значнай узнагародай у гэтай чарадзе, ордэнам Айчыны ІІІ ступені, узнагароджаны першы намесьнік старшыні Сьледчага камітэту малады генэрал Андрэй Швед, які кіраваў на пасадзе намесьніка Генэральнага пракурора сьледчай групай, падвёў віцебскіх хлопцаў Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва пад «вышку».
У ліку ўзнагароджаных і высокапастаўленыя прадстаўнікі СК, якія ўдзельнічалі ў здымках спэцвыпуску праграмы «Чалавек і закон» Першага каналу (Расея), прысьвечанага тэракту ў менскім метро. У прыватнасьці, публічна падпісаліся пад «макруху» першы намесьнік начальніка галоўнага сьледчага ўпраўленьня СК падпалкоўнік Васіль Галь і начальнік упраўленьня па расьсьледаваньні злачынстваў супраць парадку выкананьня воiнскага абавязку ГСУ СК падпалкоўнік Вадзім Грыц, якія ўзнагароджаны мэдалём “За адзнаку ў ахове грамадзкага парадку».
Чым была выкліканая гэткая доўгая затрымка ва ўзнагароджаньні тых, хто «асабліва праславіліся», вядома толькі самому Лукашэнку.
Нагадаем, што «галоўнаму кату» у судзейскай мантыі, што старшыняваў на працэсе, першаму намесьніку старшыні Вярхоўнага суду Аляксандру Федарцову, які, уласна, і вынес у дачыненьні да Канавалава і Кавалёва сьмяротны прысуд (без права абскарджваньня) у выглядзе вышэйшай меры пакараньня праз расстрэл, праз усяго два месяцы пасьля гэтага Лукашэнка прысвоіў ганаровае званьне «Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь». А праз усяго некалькі дзён Дз. Канавалаў і У. Кавалёў былі расстраляныя, будучы пазбаўленымі канстытуцыйнага права абскардзіць сьмяротны прысуд.
Беларускі партызан