Дэмакратычныя актывісты Віцебску правялі публічную лекцыю «Што такое правы чалавека, і як яны выконваюцца ў Беларусі». Яе прачытаў 10 сьнежня каардынатар руху «За свабоду» Хрыстафор Жaляпаў.
Публічную лекцыю мясцовыя актывісты арганізоўвалі ўпершыню. Гэты фармат абралі таму, што на правядзеньне такога кшталту мерапрыемства ня трэба браць дазвол ва ўладаў, апавёў спадар Жаляпаў:
«Для таго каб правесьці лекцыю, не патрэбны ніякі дазвол. Дзе мы яе будзем праводзіць — гэта ўжо наша воля. Мы вырашылі, што правядзем тут, у парку. Гэтае месца афіцыйна вызначанае для правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Калі я прыйшоў за 20 хвілін да пачатку, да мяне падышоў падпалкоўнік міліцыі і спытаўся, ці падаваў я заяўку. Я сказаў, што не падаваў. Ён мяне папярэдзіў, што калі раптам недазволенае мерапрыемства будзе праводзіцца, то ён будзе вымушаны прадпрымаць пэўныя захады».
Міліцыянты не заміналі актывістам, але ў Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў іх было ці не ўдвая болей, чымся слухачоў. Былі і міліцыянты ў форме, і людзі ў цывільным, і нават спартовага выгляду дзяўчаты, якія заявілі: «Мы — з «Арыфлэйму!» Але «гандляркі касмэтыкай» стаялі ў адным шэрагу зь міліцыянтамі, і нехта з прысутных паведаміў, што сёлета ў віцебскі АМОН і ў міліцыю вялікі недабор, таму ахвотна бяруць і дзяўчат.
Пасьля лекцыі, якая пад пільным назіраньнем была нядоўгай, усіх слухачоў «праводзілі» з парку «пад вартай» — усьлед за кожнай групай актывістаў ішлі 2–3 чалавекі, кажа Хрыстафор Жаляпаў:
«Я правёў падрыхтаваную лекцыю, у нас там абмен думкамі атрымаўся… а вакол нас стаялі чалавек 15 розных прадстаўнікоў праваахоўных ворганаў, яны таксама паслухалі… І мы пайшлі кожны сваёй сьцежкай дахаты. Нас траіх праводзілі два чалавекі ў цывільным — да самага чыгуначнага вакзалу».
Абышлося без затрыманьняў. На думку спадара Жаляпава, такія мерапрыемствы трэба ладзіць часьцей, калі ўжо ні на пікеты, ні на мітынгі дазволу атрымаць немагчыма.
Радыё Свабода