«Апошнімі днямі вакол КДБ адбываецца шмат падазроных падзеяў. Сьмерць палкоўніка Аляксандра Казака, адстаўка Вадзіма Зайцава, цяпер - выбух. Але усё зачынена, пра ўсе гэтыя падзеі інфармацыі мізэр, таму тут могуць быць толькі здагадкі», - сказаў у інтэрвію сайту charter97.org сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі (БХД), палітвязень Павал Севярынец.
Кваліфікацыя выбуху ў КДБ як «хуліганства» зьдзіўляе палітыка: «Тое, што гэты выбух кваліфікавалі як «хуліганства» - гэта яшчэ адно з пытаньняў. Чаму, калі размова ідзе пра палітычных актывістаў, дык яны адразу экстрэмісты і тэрарысты? Узяць сытуацыю зь Яўгенам Васьковічам, які за кінутую бутэльку запальнай сумесі ў дзьверы КДБ атрымаў 7 гадоў, і вось гэты выпадак з так званым «хуліганствам», пакараньне за якое - да трох гадоў турмы. Тут відавочная неадпаведнасьць і палітычная замова».
Павал Севярынец не верыць, што затрыманыя КДБ людзі ў чымсьці вінаватыя: «Даверу няма ні да паведамленьня, што яны затрымалі вар’ята, ні да таго, што вінаватыя двое іншых. Да тых часоў, пакуль гэта завецца КДБ, да тых часоў, пакуль захоўваюцца савецкія традыцыі, да гэтага няма ніякага даверу. Трэба мяняць усё, пачынаючы ад назвы і кіраўніцтва, і сканчаючы самой сутнасьцю».
Беларусі патрэбная служба, якая займалася б нацыянальнай бясьпекай, а не КДБ, упэўнены палітвязень: «Наогул Беларусі патрэбна беларуская служба бясьпекі, якая б займалася нацыянальнай бясьпекай, а не палітычным вышукам, не разборкамі ў сыстэме ўлады. Бо пакуль ёсьць КДБ, сама назва якога захаваная з савецкай сыстэмы, за ім будзе цягнуцца шлейф злавесных асацыяцыяш. Гэтая арганізацыя за савецкім часам ішла на маштабныя злачынствы супраць уласнага народу. І калі такая спэцслужба захоўваецца, калі тыя задачы, якія выконваў савецкі КДБ, выконваюцца ў сёньняшняй Беларусі, дык вакол непазьбежна будзе цемра, закрытасьць, падазронасьці і такія незразумелыя падзеі, як гэты выбух».
Хартыя ‘97