За пару дзён актывісты сабралі некалькі сотняў подпісаў. Акцыя, якая зьяўляецца агульнарэспубліканскай, працягнецца да 17 лютага, а пасьля сабраныя подпісы будуць перададзеныя ў адміністрацыю прэзыдэнта, Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і Савет Міністраў.
Паводле словаў арганізатараў акцыі, віцебчукі ахвотна прыходзяць ставіць подпісы. Шмат каго згаданы дэкрэт абурыў да глыбіні душы.
«У горадзе пастаянна ідуць скарачэньні з прадпрыемстваў, многія наогул закрываюцца, як фабрыка КІМ, а ўлада замест таго, каб даць працоўнае месца, патрабуе яшчэ з нас грошы», – наракае беспрацоўны, які прыйшоў паставіць подпіс.
Прычым падпісваюцца ня толькі беспрацоўныя, але і працаўладкаваныя людзі, пэнсіянэры і суцэль пасьпяховыя грамадзяне. На пытаньне, навошта ім гэта, звычайна гучыць такі адказ: Нас гэты закон не закранае, але ў нашай так званай стабільнай дзяржаве можна ў любы момант застацца бяз працы або страціць бізнэс і патрапіць у разрад дармаедаў.
Ад многіх можна пачуць слова «безгранічча». А пэнсіянэрка, якая прыйшла паставіць подпіс, паскардзілася: яе дачцэ, якая даўно жыве за мяжой, таксама прыйшоў з падатковай «ліст шчасьця» з патрабаваньнем аплаціць падатак. Яна патэлефанавала ў падатковую і паведаміла, што дачка даўно жыве і працуе за мяжой, на што ў інспэкцыі ёй адказалі: «Вось няхай яна вам грошы перавядзе, а вы і заплаціце». Прыходзіў нават бомж, якога дакладна не закране гэты дэкрэт, бо ён ня мае адрасу, куды падатковая магла б даслаць ліст..
Здаецца, што праблема сапраўды можа стаць аб'яднаўчай для многіх грамадзян незалежна ад іх сацыяльнага статусу і палітычных поглядаў.
Усе, хто хоча падключыцца да акцыі і паставіць подпіс, могуць прыйсьці ў будні па адрасе: Віцебск, вул. Замкавая, 4, пакой 212, прафсаюз РЭП, або патэлефанаваць на нумар 8 029 598 1995 (мтс).
Уладзімер Бяляўскі