Палітвязень і заснавальнік “Платформ інавэйшан” Міхаіл Жамчужны атрымаў статус злоснага парушальніка рэжыму ўтрыманьня ў калёніі. Пра гэта палітвязень, які адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі №14 ў Навасадах, напісаў у лісьце да праваабаронцы Тацяны Равяка.
“Я нарэшце стаў злосным парушальнікам рэжыму ўтрыманьня. У чацьвер, 20 кастрычніка, мне абвясьцілі чарговае спагнаньне – вымову.
19 кастрычніка мяне выклікалі ў мэдсанчастку, каб зрабіць флюараграфію, паколькі я ўжо год як у калёніі. Як прадугледжана КВК і ПВК, санітарны інструктар вывеў мяне з корпусу і паставіў у шэраг асуджаных, каб у суправаджэньні афіцэра пайсьці да санчасткі. Не даходзячы 10 мэтраў да дзьвярэй, мяне са строю выклікаў апэратыўны супрацоўнік, маёр Кавальчук, і абвінаваціў у тым, што я без суправаджэньня знаходжуся ў раёне ўчастку іншага атраду. Зразумела, ён напісаў рапарт, на які рэакцыя адміністрацыі – абавязковая і нэгатыўная. Карацей, у дакладнасьці паўтарылася схема, якую я абскардзіў з вашай дапамогай ў Барысаўскі раённы суд. Зразумела, што і гэты прэцэдэнт не пакіну без увагі”.
Тым часам суд Барысаўскага раёну разглядае скаргу Міхаіла Жамчужнага на спагнаньне палітвязьню, вынесенае адміністрацыяй калёніі №14.
Прычыну такой апэратыўнай рэакцыі адміністрацыі Міхаіл Жамчужны бачыць у крытычных паведамленьнях адваката і праваабаронцы наконт прапажы з дакумэнтазвароту заяў палітвязьня ў Барысаўскую пракуратуру, генпракуратуру, у Барысаўскі суд і суд г. Менску і Менскай вобласьці.
“Мае звароты да адваката і ў Вярхоўны суд тройчы вярталі з прычыны: нібыта з-за няправільнага запаўненьня капэртаў, якія я накіроўваў вам на прагляд. Ліст з гэтай інфармацыяй я накіраваў вам яшчэ 18 кастрычніка. Цікава, ці атрымалі вы яго?” – піша ў лісьце Міхаіл Жамчужны.
Жамчужны таксама паведамляе, што чакаў гэткай правакацыі, вынікам якой можа стаць пазбаўленьне яго чарговай амністыі, а таксама прымяненьне артыкулу 411 Крымінальнага кодэксу “Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы”.
Праваабаронцы адзначаюць, што наданьне такога статусу мае для асуджанага вельмі нэгатыўныя наступствы, а менавіта: як правіла, на такіх зьняволеных не распаўсюджвае сваё дзеяньне Закон аб амністыі, яны ня могуць разьлічваць на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне і г.д. Вось чаму праваабаронцы патрабуюць неадкладнага перагляду крымінальнай справы М. Жамчужнага ў адкрытым судовым паседжаньні з захаваньнем гарантыяў справядлівага суду, што таксама не выключае прымяненьня шырокага спэктру такіх прававых мераў, як памілаваньне, амністыя і ўмоўна-датэрміновае вызваленьне.
Міхаіл Жамчужны ў апошні час неаднойчы заяўляў пра ўзмацненьне ў дачыненьні да яго ціску з боку адміністрацыі калёніі.
Вынесенае палітвязьню 20 кастрычніка спагнаньне – ужо трэцяе. Першае было вынесенае ў ліпені бягучага году за “самавольнае перамяшчэньне па тэрыторыі калёніі”, другое ў верасьні – за тое, што ў яго нібыта была брудная тумбачка.
У верасьні 2016 году Жамчужны атрымаў адказ на наглядную скаргу, якую на пачатку жніўня накіраваў у Вярхоўны суд. У скарзе ён пазначыў, што ў адносінах да яго мела месца не “працягваемы” апэратыўны экспэрымэнт, а паўторны, ды што крымінальная справа супраць яго была распачатая больш як праз год пасьля зьдзяйсьненьня супрацьпраўных дзеяньняў. Такім чынам, праваахоўныя органы штучна стваралі ўмовы, якія правакавалі яго на паўторнае зьдзяйсьненьне аналягічных дзеяньняў, каб атрымаць доказы зьдзяйсьненьня ім больш цяжкіх злачынстваў.
У адказе на скаргу палітвязьня намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Руслан Аніскевіч адзначыў, што прысуд Міхаілу Жамчужнаму вынесены ў адпаведнасьці з заканадаўствам. Суд касацыйнай інстанцыі праверыў довады скаргі асуджанага і дадаткі да яе і ў выніку пагадзіўся з вынесеным прысудам.
Нагадаем, у ліпені 2015 году Міхаіл Жамчужны быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суду разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш суворае пакараньне – шэсьць з паловай гадоў пазбаўленьня волі. Яго прызналі вінаватым у наўмысным выдаваньні зьвестак, што складаюць службовую таямніцу, і ў незаконным набыцьці сродкаў для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі, якая зьяўляецца службовай таямніцай. Міхаіл Жамчужны неаднойчы заяўляў пра ўзмацненьне ў дачыненьні да яго ціску з боку адміністрацыі калёніі.
Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным вязьнем.
spring96.org