Надоечы грамадзкасьць даведалася, што парэшткі 172 чалавек, знойдзеныя ў лесе пад Хайсамі, з вайсковымі ўшанаваньнямі былі перапахаваныя на воінскім мэмарыяле станцыі Лосьвіда. Улады пераконваюць: людзі загінулі за часам Другой сусьветнай вайны. Пракамэнтаваць падзею мы папрасілі кіраўніка грамадзянскай ініцыятывы «Хайсы», краязнаўцу Яна Дзяржаўцава.
Два гады таму менавіта Ян Дзяржаўцаў разам з аднадумцамі знайшоў у лесе раскапаныя чорнымі капальнікамі магілы, якія мясцовыя жыхары ўважалі за месцы пахаваньняў ахвяраў часоў сталінізму.
Спадар Ян, пахаваўшы парэшткі, улада для сябе пытаньне вырашыла – гэта ахвяры фашыстаў. Але ці пагодзіцца з гэтай высновай грамадзкасьць, мясцовае жыхарства, сябры ініцыятывы «Хайсы»?
Пагадзіцца з гэтым немагчыма, бо рашэньню ўладаў пярэчаць здаровы сэнс і факты.
У 2015 годзе байцы 52-га пошукавага батальёну паднялі зь ямінаў у Вераб'ёвым лесе парэшткі 172 асобаў. Мы некалькі разоў назіралі, як вайскоўцы выносілі па некалькі мяхоў костак, адзеньня ды абутку. Дзіўна, чаму пры наяўнасьці такой вялікай колькасьці матэрыяльных рэчаў, экспэрты так і ня вызначылі дакладны час трагедыі, хаця на месцы раскопак знайшлі каля пяцідзесяці куль і гільзаў ад кольта, нагана і вінтоўкі Мосіна. І, як вядома, менавіта гэтай зброяй карысталіся НКВДысты.
Ня ўзятыя пад увагу і меркаваньні археолягаў Мікалая Крывальцэвіча і Валянціны Вяргей, якія працавалі ва ўрочышчы Курапаты і маюць багаты досьвед ідэнтыфікацыі падобных пахаваньняў.
Але, на маю думку, самым галоўным ў пытаньні высьвятленьня гістарычнай праўды зьяўляюцца сьведчаньні мясцовых жыхароў. Мы апыталі 25 грамадзянаў, і ўсе яны пацьвердзілі – у лесе ляжаць ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў. Пра гэта сьведчылі Зьміцер Ганчароў, Валянціна Шагеева, Тамара Дзеравянка, Мікалай Шамшура... Дарэчы, апошні зазначыў, што агульная плошча пахаваньняў складае каля пяці гектараў, якія яму некалі загадвалі пераворваць.
Сьведчаньні ўсіх апытаных грунтуюцца на ўласных назіраньнях, успамінах бацькоў, сваякоў і аднавяскоўцаў. Не давяраць ім няма сэнсу.
Скажыце, а ці існуе ў грамадзтве хаця б нейкая запатрабаванасьць у аднаўленьні гістарычнай праўды пра трагічныя часы сталінізму?
Так, такая запатрабаванасьць існуе. Найперш у гэтым зацікаўленыя дзеці і ўнукі ахвяраў сталінізму. Напрыклад, у Валянціны Дробышавай (Шпеліс) з Лужасна перад вайной рэпрэсавалі бацьку і расстралялі недзе ў ваколіцах Віцебску. Знайсьці месца ягонага спачыну было яе запаветнай надзеяй. Даведаўшыся пра знойдзеныя намі пахаваньні, яна папрасіла сваякоў узяць адтуль два вядры зямлі і высыпаць на сымбалічную бацькаву магілу, якую зладзілі побач з магілай маці. Дарэчы, старая ўсё жыцьцё чакала ягонага вяртаньня і перад сьмерцю прасіла пахаваць яго побач, калі вернецца. Я назіраў за рэакцыяй пляменьніцы, унука і праўнука спадарыні Валянціны – убачанае ўразіла іх да глыбіні душы. Празь нейкі час я патэлефанаваў спадарыні Валянціне, і яна паведаміла, што магілу ўладкавалі і ўжо паставілі помнік.
Аднак гэткая запатрабаванасьць мусіць быць і з боку прагрэсіўнай грамадзкасьці. У адваротным выпадку ўсё можа паўтарыцца.
Сёлета Вы наведалі Катынь і Курапаты. Чаму праўда пра гэтыя трагічныя мясьціны здолела ўвасобіцца ў мэмарыялы ды музэі, а праўда пра Хайсы замоўчваецца і хаваецца ад шырокай грамадзкасьці?
Так, я быў і ў Катыні, і ў Курапатах. Што тычыцца Катыні, то гэтаму ўвасабленьню спрыяў вялікі міжнародны розгалас. Рэч у тым, што, як вядома, апроч савецкіх грамадзянаў там забілі і некалькі тысячаў польскіх вайскоўцаў. А праўда пра Курапаты здолела перамагчы на хвалі росту нацыянальнай самасьвядомасьці беларусаў і барацьбы за незалежную дзяржаву.
Што асабліва мяне ўразіла ў Катыні, дык гэта паважлівае стаўленьне да памяці рэпрэсаваных з боку навуковых супрацоўнікаў і экскурсаводаў. Так, навуковая супрацоўніца музэю, якая на працягу амаль пяці гадзінаў праводзіла экскурсію, распавяла, як падчас пошуку месца пахаваньня польскіх вайскоўцаў было зроблена 10 тысячаў сьвідравінаў. Гэта ўражвае.
Скажыце, а Вам не падаецца, што ўлады даўно і добра ведалі, ахвярам якога рэжыму належаць парэшткі, знойдзеныя пад Хайсамі? Ацаніце, калі ласка, іх дзеяньні?
Так. У мяне ёсьць двухсотадсоткавае ўражаньне, што ўлада даўно пра гэта ведала. Таму і стаўленьне да парэшткаў адпаведнае. У красавіку 2015 году мы знайшлі выкапаныя невядома кім парэшткі прыблізна 60-ці чалавек, пра што і паведамілі. Але куды тыя косткі падзеліся – дасюль невядома.
Прыгадваю, неяк начальнік пошукавага атраду 19-й вучэльні Анатоль Бурдо распавёў мне, што пра пахаваньне ён паведамляў уладам яшчэ ў 90-я гады. Але яму заявілі: «Займайся сваёй справай, шукай вайскоўцаў».
Зьдзейсьненае ўладамі – натуральная фальсыфікацыя, падробка, махлярства, цынізм, прымітыўнае скажэньне гісторыі. Людзей уводзяць у зман, таму і зроблена ўсё цішком ад шырокай грамадзкасьці, па-подламу. Хавалі, як паведамляецца ў прэсе, парэшткі 172 асобаў, а дзе тыя шэсьцьдзесят, якія мы знайшлі ў красавіку, дзе тыя косткі і чарапы, якія бралі на экспэртызу?
У мяне паўстае пытаньне: «Няўжо яны не разумеюць, што ўчынілі чарговы зьдзек з гэтых людзей? Няўжо не разумеюць, што паставілі сябе ў адзін шэраг са сталінскімі вылюдкамі і чорнымі капальнікамі?»
Асобаў, забітых падчас даваенных рэпрэсіяў, жывасілам зрабілі ўдзельнікамі вайны.
Якія захады ініцыятыва «Хайсы» мусіць зрабіць з гэтай нагоды?
Сваёй справы мы ня спынім. На сёньняшні дзень у Віцебскім раёне вядомыя чатыры месцы масавых расстрэлаў рэпрэсаваных. Усе яны будуць даглядацца і ўшаноўвацца. Пра свае дзеяньні будзем інфармаваць грамадзкасьць празь незалежныя сродкі інфармацыі. Маем мы і іншыя пляны, якія я пакуль не хачу раскрываць.
С. Горкі