На думку праваабаронцы Леаніда Сьвеціка, адзіным цывілізаваным спосабам разьвязаньня сытуацыі, што склалася ў Віцебску празь меркаванае будаўніцтва Сафійскага сабору, зьяўляецца мясцовы рэфэрэндум, ініцыяваць правядзеньне якога актывіст прапанаваў гарадзкому савету дэпутатаў.
У сваім лісьце-прапанове «народным абраньнікам» Леанід Сьвецік адзначае, што будаўніцтва сабору ў парку Партызанскай славы выклікала нэгатыўную рэакцыю з боку вялікай часткі жыхароў гораду. І выказвае ўпэўненасьць, што народнае галасаваньне дазволіць сьцішыць грамадзянскае супрацьстаяньне паміж праціўнікамі і прыхільнікамі будаўніцтва храму.
Як распавёў праваабаронца, яго прапанова цалкам грунтуецца на дзейным заканадаўстве. Згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і Законам краіны «Аб рэфэрэндуме (народным галасаваньні)», віцебскі гарсавет мае ўсе паўнамоцтвы, каб выступіць ініцыятарам гарадзкога плебісцыту.
Матэрыяльнае забесьпячэньне рэфэрэндуму спадар Сьвецік прапануе ўскласьці на Віцебскую епархію Расейскай праваслаўнай царквы як ініцыятара будаўніцтва і адзіную рэлігійную арганізацыю, зацікаўленую ва ўзьвядзеньні і эксплёатацыі названага праваслаўнага храму.
Пратэсты жыхароў Віцебску супраць будаўніцтва Сафійскага сабору ў месцы гістарычнай забудовы гораду трываюць ужо некалькі тыдняў. Людзей непакоіць, што царкоўны мэгапраект, які, як паведамлялася, будзе фінансавацца расейскай карпарацыяй «Газпром», разбурыць аўтэнтычны гарадзкі ляндшафт. Таксама грамадзкасьць абураная тым, што будаўніцтва спрычыніцца да высечкі каля двухсот дрэваў ў гарадзкім парку, што адмоўна паўплывае на экалёгію.
Рэагуючы на калектыўны зварот грамадзян, прадстаўнікі Віцебскага гарвыканкаму сустрэліся зь месьцічамі – праціўнікамі Сафійскага сабору, і паабяцалі прыпыніць будаўніцтва. У той самы час праваслаўная царква распачала збор подпісаў вернікаў за будоўлю. Гарвыканкам накіраваў царкве шэраг сваіх прапановаў па зьмяненьні дэталяў будаўнічага праекту, але прынцыповае рашэньне, што храм будзе будавацца менавіта ў парку Партызанскай славы, супраць чаго і выступаюць пратэстоўцы, па-ранейшаму застаецца ў сіле.
Кастусь Дзьвінскі