Днём у панядзелак, 12 верасьня, Віталь Паўлаў, які за дзень да гэтага быў назіральнікам у школе №5 Воршы, быў затрыманы, быццам бы за тое, што нецэнзурна лаяўся на выбарчым участку.
Затрыманы ён быў каля крамы «Старт», калі ішоў на аўтобусны прыпынак. У РАУС на яго склалі адміністрацыйны пратакол за дробнае хуліганства.
Насамрэч, абвінавачаньне выглядае сумнеўным – на ўсіх выбарчых участках прысутнічае супрацоўнік міліцыі, які пры скандале мог бы затрымаць назіральніка. Тым больш, што і самі старшыні камісіяў – а ў пратаколе запісана, што менавіта са старшынёй камісіі, яна ж дырэктар школы Вайцяховіч Натальля Аркадзьеўна, і адбылася нецэнзурная сварка – любяць выдаляць незалежных назіральнікаў з участкаў перад падлікам галасоў з драбнюткіх прычынаў.
Тут жа сытуацыя выглядае так: назіральнік паводле матэрыялаў пратаколу «гучна лаяўся нецэнзурнай лаянкай, крычаў, парушаў грамадзкі парадак і дзейнасьць участковай камісіі, на зробленыя заўвагі не рэагаваў, працягваў свае супрацьпраўныя паводзіны». І ў гэтай сытуацыі старшыня камісіі і міліцыянт праявілі поўную бездапаможнасьць і нават не выправадзілі Паўлава з участку. Ён спакойна адбыў на ўчастку да канца падліку галасоў. А ўсе прэтэнзіі да яго зьявіліся толькі наступнага дня.
На думку самога Віталя Паўлава, супраць яго была арганізаваная правакацыя. Хутчэй за ўсё, такім спосабам міліцыянты імкнуліся перашкодзіць яму трапіць у Менск на акцыю пратэсту супраць фальшаваньня выбараў, якая адбылася 12 верасьня.
orsha.eu