Кандыдат у дэпутаты Яўген Анішчанка, які балятаваўся па Аршанскай Дняпроўскай акрузе, зьбіраўся назіраць за падлікам галасоў на ўчастку №39 (гімназія №1).
Калі пачаўся падлік галасоў, Анішчанка падышоў да стала прыблізна на адлегласьць у два мэтры, што патэнцыйна давала яму магчымасьць убачыць хоць нейкую частку бюлетэняў, якія раскладвалі сябры камісіі. Як толькі Анішчанка заняў зручнае месца, старшыня камісіі (кіраўнік аддзелу адукацыі Загурскі) спыніў падлік галасоў – з прычыны таго, што Анішчанка нібыта замінае падліку тым, што гэтак блізка падышоў. Камісія склала пратакол, што было зусім не праблематычна – сябрамі камісіі былі настаўнікі – падначаленыя Загурскага.
Анішчанка адышоў да стала назіральнікаў, зь якога не было бачна бюлетэняў, і, адпаведна, не было бачна, ці правільна сябры камісіі іх разьмяркоўваюць. Калі падлік аднавіўся, Анішчанка, застаючыся на месцы для назіральнікаў, падняўся. Тое, што ён паспрабаваў назіраць стоячы, і стала прычынай другой заўвагі і выдаленьня з участку.
Нягледзячы на тое, што старшыня Цэнтрвыбаркаму казала, што падчас падліку галасоў назіральнікам варта быць не далей як у трох мэтрах ад стала камісіі, участак у гімназіі стаў далёка не адзіным у Воршы, дзе назіральнікаў не падпускалі да стала.
Так, на ўчастку №20, які знаходзіўся ў Цэнтры творчасьці дзяцей па вуліцы Савецкай, назіральнік у пачатку падліку заняў месца прыблізна ў двух мэтрах ад стала, дзякуючы чаму мог бачыць хаця б найбліжэйшую да сябе частку падліку. Але празь некаторы час старшыня камісіі папрасіла «не стаяць над душой», і назіральніку давялося стаяць так, што ён нічога ня мог бачыць.
Выдаленьне з участку таксама не было разавым выпадкам. На ўчастку №9 назіральніка, які быў накіраваны партыяй «Справядлівы сьвет», выдалілі з участку, бо ў яго не было членскага білета партыі, хаця выбарчы кодэкс прадугледжвае вылучэньне ад імя партыі і нячленаў гэтых партыяў.
Незалежныя назіральнікі ў Воршы сканцэнтраваліся менавіта на падліку галасоў, у Воршы назіральнікі ад дэмакратычных арганізацыяў і праваабаронцаў прысутнічалі падчас падліку галасоў на ўсіх участках, дзе гэта было магчыма, і на значнай частцы ўчасткаў па Аршанскай Дняпроўскай акрузе. І, як папярэдне заявілі назіральнікі, працэс падліку галасоў быў ізноў непразрыстым. Хаця гэтым разам сябры камісіяў стаялі да назіральнікаў тварамі, а не сьпінамі, бачыць, за каго канкрэтна раскладваюцца бюлетэні, усё адно было немагчыма.
orsha.eu