Заяўкі на імпрэзы падавалі сябры КХП-БНФ у раённыя адміністрацыі Віцебску. Усяго плянавалася правесьці 21 пікет – штодня цягам тыдня па адным на дзень у кожным з трох раёнаў гораду аж да асноўнага дня галасаваньня.
Актывісты-апазыцыянэры хацелі празь пікеты заклікаць віцебчукоў ня ўдзельнічаць у цяперашніх выбарах. Бо, на іх думку, цяперашнія ўлады краіны – нелегітымныя, а таму ўсе выбары, якія яны ладзяць, – нелегітымныя таксама.
У раённых адміністрацыях заяўкі прыхільнікаў байкоту разглядалі не ў адпаведнасьці з выбарчым заканадаўствам, якое дзе-нідзе дазваляе правядзеньне пікетаў у спрошчаным рэжыме, а ў адпаведнасьці з Законам аб масавых мерапрыемствах і мясцовым віцебскім законам – рашэньнем гарвыканкаму №881 ад 10 ліпеня 2009 году, якое патрабуе ад арганізатараў акцыяў мець дамовы з аддзелам унутраных спраў, паліклінікай і ўстановай жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Менавіта адсутнасьць гэтых дамоваў і стала фармальнай прычынай забароны пікетаў.
Зрэшты, забарона пікетаў мясцовымі ўладамі яшчэ не азначае, што віцебскія сябры КХП-БНФ зусім устрымаюцца ад правядзеньня заплянаваных імі мерапрыемстваў. Падчас ранейшых выбарчых кампаніяў у Беларусі яны таксама спрабавалі дамагчыся дазволаў на правядзеньне пікетаў у падтрымку байкоту ад раённых уладаў. Аднак ні разу, як і цяпер, іх заяўкі не былі задаволеныя, пасьля чаго яны часам ладзілі несанкцыянаваныя акцыі, за што даставалі пакараньні ад судоў у выглядзе штрафу і адміністрацыйнага арышту.