Актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ маюць намер зладзіць 7 лістапада ў Віцебску вулічнае шэсьце і пікет. Адпаведная заява пададзеная імі ў віцебскі гарвыканкам.
Мэта меркаваных масавых мерапрыемстваў: распавесьці жыхарам гораду пра згубную ролю камуністычнай ідэалёгіі для разьвіцьця Беларусі, пра злачынную дзейнасьць камуністаў па зьнішчэньні нацыянальнай культуры, мовы і самаідэнтычнасьці беларускага народу.
На думку аднаго з заяўнікаў акцыі Яна Дзяржаўцава, у краіне не павінна існаваць такога сьвята, як 7 лістапада:
- У 1917 годзе банда злачынцаў-тэрарыстаў захапіла ўладу збройным шляхам у Расеі і Беларусі. Бальшавікі на штыках прынесьлі сваю бандыцкую ўладу ў Беларусь. Забілі некалькі мільёнаў беларускіх грамадзян. Тое, што ўчынілі бальшавікі, можна параўнаць толькі з фашысцкай навалай. Сьвяткаваць 7 лістапада, як зараз гэта робіць сучасная ўлада, могуць толькі сапраўдныя камуна-фашысты! - сьцьвярджае Ян Дзяржаўцаў.