Алена Шабуня, Тацяна Севярынец і Георгі Станкевіч трапілі пад увагу міліцыі 27 ліпеня за сьпевы на пікеце па зборы подпісаў. Супрацоўнік Кастрычніцкага РАУС апытаў актывістаў, супраць якіх была распачатая адміністрацыйная вытворчасьць нібыта за несанкцыянаваную вулічную акцыю. 11 жніўня ўсім тром паведамілі, што справы спыненыя. Аднак абласная ўправа міліцыі вырашыла, што райаддзел не ўлічыў нейкія акалічнасьці, і справы аднавілі.
Нагадаем, супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС праводзілі праверку па факце сьпеваў падчас супольнага пікету па зборы подпісаў за вылучэньне ў кандыдаты, што прайшоў 27 ліпеня. Актывісты – тады яшчэ прэтэндэнты на ўдзел у выбарах, а сёньня ўжо зарэгістраваныя кандыдаты – пад гітару прасьпявалі гімн «Магутны Божа» каля Летняга амфітэатру. Бард Георгі Станкевіч выканаў яшчэ і ўласную песьню «Сьцяг».
Усе трое тлумачылі, што пікеты па зборы подпісаў праводзіліся ў межах выбарчага заканадаўства, якое не забараняе розныя формы актыўнасьці, уключна са сьпевамі. Паводле ж рапарту намесьніка начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі, палкоўніка Ігара Скарыновіча, яны зладзілі несанкцыянаваную вулічную акцыю.
На памылкі ў рапарце, а таксама на бязьдзейнасьць міліцыі ў апісаных ім абставінах актывістка стваранай партыі БХД Алена Шабуня падала скаргу ў абласную міліцэйскую ўправу. З атрыманага адказу і вынікае, што скасаваная 11 жніўня адміністрацыйная справа ўжо адноўленая.
«Справу скасавалі, не знайшоўшы ў нашых дзеяньнях прыкметаў правапарушэньня. Але ж палкоўнік Скарыновіч іх заўважыў! І ў скарзе я адзначала, што ён мусіў спыніць нашы дзеяньні, калі лічыў іх правапарушэньнем, а не назіраць збоку… У адказе за подпісам начальніка абласной міліцэйскай управы генэрал-маёра Віктара Сянько гаворыцца, што нашае правапарушэньне было “непрацяглым па часе”, і што мы “самі разышліся, дык што ўмяшаньне міліцыі не спатрэбілася”. Адзначана, што фактычныя памылкі ў рапарце Скарыновіча “неістотныя”, але вось Кастрычнцкі райаддзел правёў праверку “няпоўна і без уліку ўсіх акалічнасьцяў”. Таму адміністрацыйную справу 23 жніўня абласная ўправа пастанавіла аднавіць».
Ніводзін з трох сьпевакоў афіцыйных папер пра аднаўленьне адміністрацыйнай справы пакуль не атрымаў. Між тым, і Алена Шабуня, і Тацьцяна Севярынец, і Георгі Станкевіч ужо зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты парлямэнту. Яны не выключаюць, што аднаўленьне адміністрацыйнага перасьледу – гэта наўмысны ціск і дыскрэдытацыя.
spring96.org