24 чэрвеня ў межах сьвяткаваньня тысяча сорак другой гадавіны заснаваньня Віцебску адбылося ўрачыстае адкрыцьцё помніку Аляксандру Неўскаму, ягонай жонцы віцебскай княгіні Аляксандры і іхнаму сыну Васілю. На плошчы Тысячагодзьдзя а пятнаццатай гадзіне распачалася тэатралізаванае дзея, прымеркаваная да гэтай падзеі.
Народ пачаў зьбірацца загадзя, людзі хаваліся ад чэрвеньскай сьпёкі пад шатамі дрэваў і чакалі адкрыцьця ўрачыстасьцяў.
Бадай, самай калярытнай постацьцю перад адкрыцьцём помніку на плошчы Тысячагодзьдзя стаў казачок сталага веку зь сівой барадой і пагрозьлівым выглядам. На сінім башлыку, што зьвісаў на чорную чэркеску, выразна красаваліся два белыя двухгаловыя арлы. Разам з асобай Неўскага гэтая, як для мяне, тэатралізаваная фігура зь мінулага веку ўвасабляла сабой выразны ідэалягічны мэм “рускага сьвету”.
Пэўнай актыўнасьцю вылучаліся прадстаўнікі праваслаўнага кліру, яны шпацыравалі ў розных кірунках перад закрытым белай анучай манумэнтам, пакуль не разьмясьціліся на загадзя вызначаных месцах. Царкоўны хор атабарыўся збоку ад гатэлю “Віцебск”, а ўбраныя у зялёныя рызы сьвятары ачапілі паўкругам, як вайсковы каравул, пляцоўку перад помнікам. Разам са сьвятарамі ў ачапленьні бралі ўдзел “людзі ў цывільным”, але ж мэты й задачы ў іх, відаць, былі розныя.
Віцебскае абласное і гарадзкое начальства на чале з кіраўніком вобласьці Мікалаем Шарстнёвым на імпрэзу не спазьнілася. Пасьля тэатралізаванай дзеі пра ўзьяднаньне князя Аляксандра з жонкай і сынам, яны разам з аўтарамі помніку скульптарамі Аляксандрам Гвозьдзікавым, Іванам Казаком і Яўгенам Колчавым адкрылі помнік, пацягнуўшы за анучку, якая спрытна спаўзла з манумэнту долу.
Сагнаная на мерапрыемства грамада, што складалася ў асноўным з жаночага элемэнту, дружна запляскала ў далоні. Прыкметаў незадавальненьня, як і трэба было чакаць, ніхто не праявіў. На завяршэньне сьвятары асьвяцілі помнік сьвятой вадой.
Усё адбылося, як мае быць, то бок у лепшых традыцыях постсавецкай рэчаіснасьці, не абцяжаранай патрэбамі гістарычнай адпаведнасьці, нацыянальнай мэтазгоднасьці і маральнай адказнасьці…






С. Горкі