Шаснаццацігадовая жыхарка Віцебску зьвярнулася ў Камітэт ААН па правох чалавека са скаргай на Рэспубліку Беларусь аб парушэньні сваіх правоў, паведаміў БелаПАН праваабаронца Павал Левінаў (на фота), які аказваў дапамогу ў падрыхтоўцы скаргі.
Левінаў растлумачыў, што ў сьнежні 2014 году дзяўчынку проста са школы без тлумачэньня прычын забралі невядомыя людзі і павезьлі ў прытулак.
«Яна адмаўлялася ехаць. Ёй пагражалі, што калі яна не паедзе, яе зьмесьцяць у вар’ятню, – сказаў праваабаронца. – Яна ўтрымлівалася ў гэтым прытулку безь якога-небудзь судовага рашэньня, толькі на падставе рашэньня камісіі па справах непаўнагадовых адміністрацыі Савецкага раёну Віцебску. Хаця ў Канстытуцыі вельмі выразна гаворыцца, што забраць дзіця зь сям'і можна толькі паводле рашэньня суду».
Паводле слоў Левінава, суд адбыўся толькі 13 ліпеня 2015 году і вынес рашэньне, што пазбаўляць бацькоўскіх правоў бацькоў дзяўчынкі падстаў няма і дзіця падлягае вяртаньню ў сям'ю. Яна змагла вярнуцца дадому толькі пры канцы ліпеня 2015 году.
Ён адзначыў, што дзяўчынка зьвярталася да пракурора Віцебску са скаргай на парушэньне яе права на недатыкальнасьць і асабістае жыцьцё, але ён адмовіўся зьвярнуцца ў суд з пазовам у абарону яе правоў. Затым яна спрабавала самастойна падаць пазоў у суд, але спачатку ад яе запатрабавалі выплаты дзяржпошліны за падачу скаргі, а пасьля суд зьвярнуў увагу, што справы пра ўшчамленьне правоў непадведамасныя суду. Паводле слоў Левінава, суды вышэйшай інстанцыі падтрымалі гэтую пазыцыю.
У сувязі з гэтым дзяўчынка прыняла рашэньне зьвярнуцца ў Камітэт ААН па правох чалавека. «Скарга была дасланая сёньня [1 чэрвеня], – сказаў Левінаў. – Каля двух тыдняў яна будзе туды ісьці. Потым на працягу месяца-двух там будуць вырашаць, ці браць яе да разгляду. Я мяркую, што яна будзе прынятая».
Што тычыцца тэрмінаў разгляду скаргі, кажа Левінаў, то звычайна гэта каля трох-пяці гадоў. «Скаргі, на жаль, разглядаюцца ня так хутка, як нам бы хацелася», – адзначыў ён.