2 траўня ў будынку Наваполацкага гарадзкога аддзелу ўнутраных справаў адбыўся разгляд справы аб адміністрацыйным правапарушэньні, па выніках якога Андрэю Гайдукову быў прысуджаны штраф.
За месяц да гэтага, 2 красавіка, Андрэя Гайдукова, сябра аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”, у Наваполацку затрымалі міліцыянты за вывешваньне расьцяжкі “Праца – права, а не абавязак”.
Затрыманьне стала падставай для адміністрацыйнай справы, разглядам якой займаўся В.Н. Шэндзель, намесьнік начальніка Наваполацкага ГАУС па ідэалягічнай і кадравай рабоце.
Паводле матэрыялаў справы, Андрэй Гайдукоў парушыў пункт 17 Правіл добраўпарадкаваньня і ўтрыманьня населеных пунктаў, вывесіўшы расьцяжку ў месцы, не прызначаным для разьмяшчэньня матэрыялаў, што ня маюць рэклямнага характару. Пра гэта падчас разгляду справы паведаміў спадар Шэндзель.
Андрэй Гайдукоў абвінавачваньне не прызнаў. Паводле яго словаў, ён зьбіраўся зьняць вывешаную ім расьцяжку, папярэдне сфатаграфаваўшы яе.
Супрацоўнік Наваполацкага ГАУС Аляксандар Барэткін, які выступаў у якасьці сьведкі, расказаў, што Гайдукоў і сапраўды накіроўваўся ў бок расьцяжкі перад тым, як яго затрымалі, аднак, калі заўважыў супрацоўнікаў міліцыі, паспрабаваў уцячы.
Андрэй Гайдукоў паведаміў, што да таго, як яго затрымалі міліцыянты, ён ужо двойчы вывешваў расьцяжку ў той дзень, фатаграфаваў яе і пасьля гэтага здымаў.
В.Н. Шэндзель палічыў, што доказаў віны Гайдукова дастаткова і пастанавіў накласьці на яго спагнаньне ў памеры 10 базавых велічыняў (паводле часткі 2 артыкулу 21.14 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях), што на сёньняшні дзень складае 2 100 000 беларускіх рублёў.
Андрэй Гайдукоў зьбіраецца абскардзіць гэтую пастанову ў судзе.