Як стала вядома, некалькі дзён таму затрымалі беларускага байца батальёну «Азоў», 20-гадовага віцебчука Стаса. Гэтую інфармацыю пацьвердзілі ў «Азове».
Прозьвішча Стаса мала каму вядомае, у «Азове» ён служыў пад пазыўным «Беларус» і не афішаваў сябе, не даваў інтэрвію. Але сярод саслужыўцаў меў вялікі аўтарытэт праз сваю бескампраміснасьць.
«Ён заўсёды быў на перадавой, бескампрамісны, сьмелы», – так нам яго апісалі ў «Азове».
«Ён зьбіраўся ехаць у Беларусь, казаў, што яму тут усё абрыдла, хоць і кіраваў тут узводам маладых. Казаў, маўляў, я не магу, як хачу дахаты. Яго адгаворвалі, канечне, казалі: табе ж канец там. Але ён, можа, думаў, што яго не пазнаюць і не пасадзяць. І праўда, дні чатыры ён выходзіў на сувязь зь Беларусі, а потым усё, зьнік. Яшчэ празь дзень паведаміў, што яго «прынялі», і ўся інфармацыя, якая можа ісьці цяпер ад яго імя, будзе правакацыяй», – распавялі нам таксама ў «Азове».
Дарэчы, мінулым летам, падчас размовы з карэспандэнтам «Нашай Нівы», інструктар трэніровачнай базы «Азова» з пазыўным «Іваноў» прыгадваў пра «Беларуса», адзначаючы, што той стаў легендай у батальёне.
«Таксама цяпер на ўсходзе ваюе хлопец з вашых, ня памятаю пазыўнога, – апісваў яго «Іваноў». – Карацей, ён выбіў сабе на галаве татуіроўку «Тэрор-машына» і наводзіць жах на «сэпараў». Хлопцы казалі, што падчас бою ў Шырокіне армія адступала і пакінула боекамплект. Дык калі «Азоў» наступаў, то гэты беларус некалькі тысяч патронаў адзін выстральнуў, адцягваючы на сябе агонь «сэпараў», пакуль нашыя іх з бакоў абыходзілі. Потым палонныя казалі, што яны думалі, што там чалавек 10 па іх страляе – так хутка «тэрор-машына» пазыцыі мяняў. Пры гэтым яму гадоў 20, здаецца».
Са старонкі «Беларуса» «УКантакце» вынікае, што той прытрымліваўся неанацысцкіх поглядаў. На грудзёх у яго набіта 88 – гэта лічбавая абрэвіятура, якая азначае «Хайль Гітлер». Зь іншага боку – герб асаблівага батальёну СС «Дзірлевангер». За часамі Трэцяга Рэйху ў гэты батальён набіралі злачынцаў-рэцыдывістаў наўпрост з турмаў. На тэрыторыі Беларусі байцы СС «Дзірлевангер» вылучаліся крайняй жорсткасьцю, узяўшы ўдзел у дзясятках карных апэрацыяў.
Апроч таго, «УКантакце» азовец «Беларус» мае нікнэйм сугучны з імём аднаго з брыгадэфюрэраў СС.
Пакуль невядома, якое абвінавачаньне яму можа быць высунутае.
Арцём Гарбацэвіч, nn.by