Абодва пікеты мусілі адбыцца 8 красавіка. Заяўнікі імпрэзаў, актывісткі аргкамітэту па стварэньні партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Тацяна Севярынец і Алена Шабуня, хацелі прыцягнуць увагу віцебчукоў да праблемаў якасьці мэдычнага абслугоўваньня. Аднак мясцовыя ўлады па даўняй завядзёнцы акцыі забаранілі.
Заявы на правядзеньне мерапрыемстваў падаваліся ў адміністрацыі Чыгуначнага і Першамайскага раёнаў Віцебску. Прычына забароны пікетаў - стандартная для "паўночнай сталіцы": заяўнікі не заключылі дамоваў са службай ЖКГ, установай аховы здароўя і міліцыяй.
Такія дамовы вымагаюцца рашэньнем гарвыканкаму, прынятым у 2009 годзе. Выканаць гэтую вымогу гарвыканкаму ня здолеў яшчэ ніхто з апазыцыянэраў, таму ўжо цягам многіх гадоў у Віцебску не было праведзена ніводнага апазыцыйнага масавага мерапрыемства, дазволенага ўладамі.