На галоўнай плошчы гораду былі сабраныя практычна ўсе войскі віцебскага гарнізону. Яны выстраіліся на плошчы Перамогі разам з баявой тэхнікай у складзе васьмі БМП-80.
Перад трыбунай, на якой знаходзілася кіраўніцтва вобласьці і гораду Віцебску, вайскоўцы дэманстравалі свае ўменьні ў маршыроўцы строем і жангляваньні стралковай зброяй.
Разьведчыкі імітавалі «зачыстку» тэрыторыі ад сэпаратыстаў, байцы АМАП карцінна вызвалялі «закладнікаў», разьлік МНСаўцаў хутка і эфэктыўна патушыў псэўдапажар, а нарад міліцыі паказаў майстэрства ў затрыманьні ўмоўных злачынцаў.
Навучэнцам і студэнтам, асноўным гледачам сьвяточнага дзейства, асабліва спадабаўся вальс ў выкананьні баявых машын пяхоты і праход батальёнаў строем і зь песьняй. Песьні, трэба прызнацца, былі на расейскай мове і скрозь прасякнутыя савецкім сэнсам. На беларускасьць у гэтай дэманстрацыі магутнасьці беларускай арміі нішто не намякала, акрамя хіба штандара вобласьці з гербам «Пагоня», які пранесьлі юныя ваяры-кадэты.
Ад усяго ўбачанага засталося ўстойлівае адчуваньне банальнага савецкага параду, прысьвечанага дню ўтварэньня Чырвонай арміі пры канцы няўдалай для Расейскай імпэрыі Першай сусьветнай вайны.