Каардынатара аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» вінавацяць паводле адміністрацыйнага артыкулу 21.14 «Парушэньне правілаў добраўпарадкаваньня і ўтрыманьня населеных пунктаў» – за распаўсюд улётак у Наваполацку.
Андрэй Гайдукоў паведаміў, што на яго склалі пратакол правапарушэньня, грунтуючыся на словах «грамадзянкі, якая пажадала застацца невядомай». У міліцэйскім пастарунку, куды актывіст быў выкліканы 30 сьнежня, высьветліліся нечаканыя падрабязнасьці. Аказваецца, невядомая спадарыня праінфармавала супрацоўнікаў міліцыі, што ўлёткі ў межах кампаніі «За якасную мэдыцыну» «расклейваў нейкі малады чалавек». Не патлумачыўшы, як яны прыйшлі да такой высновы, міліцыянты вырашылі, што гэта быў менавіта Андрэй Гайдукоў. І склалі на яго пратакол паводле п. 2 артыкулу 21.14 КаАП. Згодна з гэтым артыкулам, на вінаватага могуць накласьці грашовы штраф памерам да 25 базавых велічынь. Ці прызнаюць вінаватым Андрэя Гайдукова, вырашыцца 31 сьнежня: а 14-й гадзіне ягоную справу будзе разьбіраць кіраўніцтва Наваполацкага гарадзкога аддзелу міліцыі.
Месяц таму Гайдукоў таксама быў аштрафаваны – за тое, што 16 лістапада праводзіў у Наваполацку пікет, прысьвечаны зьніклым палітыкам. Суд пастанавіў прызнаць Андрэя Гайдукова вінаватым на падставе часткі 3 артыкулу 23.34 КаАП і пакараць яго штрафам у памеры 45 базавых велічынь (8,1 мільёну рублёў). Цяпер Андрэй Гайдукоў спрабуе абскардзіць пастанову Наваполацкага суду, разгляд ягонай касацыйнай скаргі ў Віцебскім абласным судзе прызначаны на 13 студзеня.
svaboda.org
фота: bchd.info