У віцебскім «Эўрапейскім клюбе» прадстаўнікі Камітэту дапамогі рэпрэсаваным «Салідарнасьць» прэзэнтавалі вынікі сваёй працы ў межах кампаніі «Разам супраць дыскрымінацыі», а палітоляг Алесь Лагвінец распавёў аб праекце «Беларусы выбіраюць Эўропу».
Імпрэза адбылася 17 сьнежня. Спачатку старшыня камітэту Іна Кулей распавяла пра тое, як арганізацыя дапамагае рэпрэсаваным. Грамадзянам, пацярпелым за свае погляды і пазбаўленым працы, аказваецца матэрыяльная і маральная падтрымка. Сябры арганізацыі дапамагаюць асобам, што падвергліся дыскрымінацыі, вярнуцца ў грамадзтва і знайсьці сябе ў іншых сфэрах дзейнасьці, каб не залежаць ад дзяржавы ды мець сваю працу і заробак.
Зносіны са звольненымі паказалі, што дзяржава вельмі вынаходліва падыходзіць да прымяненьня рэпрэсіяў: тут і палітычны прызыў у войска, і адлічэньне студэнтаў па палітычных матывах, і наўмысная адпраўка ў ЛПП... Па выніках працы з дыскрымінаванымі быў зьняты фільм, у якім звольненыя грамадзяне распавядаюць пра акалічнасьці свайго звальненьня і выказваюць уласныя меркаваньні пра прычыны рэпрэсіяў у дачыненьні да іх з боку кіраўніцтва.
Пасьля прагляду прэзэнтаванага фільму ўдзельнікі праекту выказалі свае заўвагі.
Кажа Іна Кулей:
– Мы заклікаем нічога не замоўчваць, фіксаваць кожны выпадак дыскрымінацыі, бо, урэшце, гэта можа паспрыяць дасягненьню зьмены заканадаўства.
Акрамя прыкладаў, толькі што пабачаных вамі, можна прыгадаць і найбольш абуральны выпадак дыскрымінацыі, які адбыўся ў Гарадзенскім дзяржаўным унівэрсытэце, дзе з катэдры гісторыі былі звольненыя ня менш за дзясятак выкладчыкаў і прафэсараў. Прычым некаторыя зь іх ніякай палітычнай ці грамадзкай актыўнасьці не праяўлялі, былі чыстымі навукоўцамі. Ім у віну быў пастаўлены падручнік па гісторыі Гародні, які заканчваўся 1994 годам. Падручнік прызналі крамольным. Некаторых выкладчыкаў звольнілі, некаторыя самі сышлі на знак пратэсту. Усе яны атрымалі дапамогу. А два месяцы таму пры Варшаўскім унівэрсытэце быў створаны цэнтар беларускіх гістарычных досьледаў, а выкладчыкі сталі прафэсарамі ўнівэрсытэту. Яны займелі легальную магчымасьць займацца навуковай працай. Старшынём цэнтру стаў Алесь Краўцэвіч.
Праз праграму рэсацыялізацыі кожны звольнены за сваю грамадзянскую ці палітычную актыўнасьць можа дастаць і фінансавую, і псыхалягічную падтрымку. Дзякуючы чаму хтосьці пачынае займацца бурэньнем артэзіянскіх сьвідравінаў, а хтосьці вырабам мэблі. Калі чалавек мае жаданьне стаць прыватным прадпрымальнікам, то пытаньні, зьвязаныя з рэгістрацыяй, дапаможа вырашыць юрыст «Салідарнасьці».
Юрыст камітэту Тамара Сідарэнка адзначае:
– Выпадкаў дыскрымінацыі даволі шмат. Даходзіць да абсурду: рабочага высокай кваліфікацыі Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў выганяюць з заводу і адначасна просяць прыйсьці назаўтра на працу, бо няма каму працаваць. Па заканчэньні тэрміну дзеяньня кантракту наймальнік мае права звольніць працаўніка без тлумачэньня прычынаў. Гэтае права спрычыняецца да яўна амаральных канфліктаў. Са згаданага заводу было звольнена больш за дзесяць рабочых, якія былі сябрамі Свабоднага прафсаюзу Беларусі. Відавочна, гэтыя звальненьні ёсьць праявай дыскрымінацыі па прафсаюзнай прыкмеце. І такі выпадак не адзінкавы. Гэткія ж звальненьні былі і на Мікашэвіцкім «Граніце», і ў іншых месцах.
Гэта вельмі амаральна, калі звальненьні адбываюцца з гэткіх матываў. Праваабарончыя арганізацыі імкнуцца засяродзіць увагу грамадзкасьці на незаконнасьці сыстэмы кантрактнага найму, якая выкарыстоўваецца дзеля дыскрымінацыі. Камітэт «Салідарнасьць» правёў маніторынг гэтага пытаньня і цяпер рыхтуе ліст у адрас Савету міністраў і іншых найвышэйшых органаў пра скасаваньне пэўных палажэньняў кантракту.
Кіраўніца праекту Людміла Ісакава дадае:
– Асноўная мэта інфармацыйнай кампаніі «Разам супраць дыскрымінацыі» – даць слова ахвярам рэпрэсіяў, агучыць гісторыі звальненьняў канкрэтных людзей, якія трапілі ў гэткія неспрыяльныя ўмовы ў выніку парушэньня іх правоў. Але трэба ня толькі фіксаваць і даваць ім магчымасьць выказацца, нам трэба навучыцца добра бараніць правы гэтых людзей. Хаця ва ўмовах нашага заканадаўства гэтая справа – надта складаная, але рабіць яе трэба абавязкова.
І ў нашым наступным праекце, які будзе называцца «Відэакансультацыі», мы будзем вырашаць дзьве задачы: абараняць правы канкрэтнага чалавека і напрацоўваць антыдыскрымінацыйныя стандарты. Таксама рэалізацыя новага праекту стане працягам нашых крокаў па зборы інфармацыі пра ахвяраў дыскрымінацыі, стварэньні базы дадзеных і наданьні ім голасу. Кожны, хто лічыць сябе ахвярай дыскрымінацыі, зможа зьвяртацца непасрэдна да нас, а мы параім, што ў тым ці іншым канкрэтным выпадку чалавеку рабіць.
У другой частцы сустрэчы былі паказаныя дзесяць відэаролікаў, аб'яднаных адной тэмай: «Беларусы выбіраюць Эўропу», якія былі створаныя ў межах супольнага праекту Беларускага дому ў Варшаве і руху «За свабоду». Ролікі прадэманстравалі, што за апошнія дваццаць гадоў адбылося з нашымі суседзямі, якія ўступілі ў Эўрапейскі Зьвяз, і дзе цяпер знаходзімся мы ў параўнаньні зь імі.
Кажа палітоляг Алесь Лагвінец:
– Гэтыя ролікі паказваюць, што сталася з нашымі суседзямі, зь якімі мы некалі знаходзіліся ў адным пункце адліку, бо наша становішча на той час было амаль такім самым, як у эстонцаў, летувісаў ці палякаў. А цяпер практычна па ўсіх паказчыках мы адстаём. І самы галоўны паказчык – валавы ўнутраны прадукт на душу насельніцтва. У нас ён значна меншы, ніж у гэтых краінах Эўразьвязу. І гэта пры тым, што за дваццаць гадоў з боку Расеі беларусы атрымалі грошай больш, чымся тыя ж Летува ці Эстонія з боку Эўразьвязу.
Гэта сьведчыць пра тое, што грошы ў поўным аб'ёме не ідуць на разьвіцьцё вытворчасьці, а застаюцца ў кішэнях тых, хто кантралюе грашовыя плыні. Яскравым пацьверджаньнем такой высновы зьяўляюцца тыя адкупныя, якія сплачваюць дзяржаве арыштаваныя кіраўнікі прадпрыемстваў і чыноўнікі, пасьля чаго распачатыя справы закрываюцца, і зьняволеныя выходзяць на волю. Вось такая мараль: пакуль можаш красьці – крадзі, закраўся – ёсьць шанец адкупіцца, і табе даруюць.
Адсутнасьць дэмакратыі, эўрапейскіх каштоўнасьцяў і стандартаў замінае краіне рухацца наперад. На сёньня ў нас самы малы адсотак сярод занятых на недзяржаўных прадпрыемствах. Дзяржаўны сэктар вельмі цяжка рэфармуецца, бо існуе ён для кантролю за працоўнымі.
Эўрапейская мадэль – гэта абароненасьць людзей празь незалежны суд, незалежныя прафсаюзы, якія глотку перагрызуць за сваіх сяброў. Гарантыяй сацыяльнай абароненасьці працаўнікоў зьяўляюцца і калектыўныя дамовы паміж дзяржавай, наймальнікам і прафсаюзамі. З гэтай прычыны ўлады і ня хочуць пускаць беларусаў у Эўразьвяз, таму што нашы грамадзяне тады змогуць скардзіцца на парушэньні іх правоў з боку дзяржавы.
Эўрапейскі ўзровень дэмакратыі дазваляе грамадзтву кантраляваць дзяржаву, кантраляваць фінансавыя разьмеркаваньні, якія адбываюцца ў Эўропе адкрыта і галосна паміж усімі гульцамі: фірмамі, мясцовымі ўладамі, грамадзкімі арганізацыямі... У нас жа толькі адзін чалавек вырашае, куды будуць разьмеркаваныя сродкі.
Улада адбірае ў беларусаў магчымасьць дынамічнага эўрапейскага разьвіцьця. Наша моладзь зьяжджае: каля дваццаці тысячаў вучацца ў Расеі, 7-8 тысячаў – на Захадзе. І гэта найбольш актыўныя маладыя людзі, большасьць зь якіх сюды ўжо ня вернецца.
Каб нешта пачало зьмяняцца, трэба захацець адстойваць свае правы, захацець пачувацца больш годным. І гэта залежыць ад асобы, а не ад таго, што накінуць улады. Парадокс, што існуе сёньня, палягае ў тым, што, нягледзячы на дваццаць год прапаганды, дваццаць пяць адсоткаў беларусаў станоўча ставяцца да Эўрапейскага Зьвязу. І гэта велізарны пазытыў. Пачынаць зьмяняцца ніколі ня позна, бо зьмены створаць для нас новыя магчымасьці.
С. Горкі