Адміністрацыя калёніі №14, што знаходзіцца на станцыі Навасады Барысаўскага раёну Менскай вобласьці, перавяла праваабаронцу Міхаіла Жамчужнага ў атрад №18. Пра гэта вязень паведаміў у чарговым лісьце віцебскаму праваабаронцу Леаніду Сьвеціку.
У апошніх лістах, напісаных на волю, віцебскі праваабаронца грунтоўна аналізуе сваю крымінальную справу і ролю ў ёй іншых людзей.
«Мой тэрмін непасрэдна зьвязаны з маёй праваабарончай і палітычнай дзейнасьцю - піша з калёніі Міхаіл, - і мне паступалі прапановы ў розных формах адрачыся ад яе працягу, ад кантактаў з паплечнікамі, аб дачы заведама ілжывых паказаньняў, якія суправаджаліся шантажом і пагрозамі, у абмен на ляяльнае стаўленьне ў судзе і месцах пазбаўленьня волі».
Міхаіл Ігаравіч удзячны Алене Красоўскай-Касьпяровіч, былому дырэктару праваабарончай арганізацыі «Пляцформа», а цяпер кіраўніку некамэрцыйнай арганізацыі «Рэгіён-119», за нанятага ёю адваката Вячаслава Праскаловіча. Працай свайго адваката ён задаволены, лічыць яго прафэсіяналам сваёй справы.
Але тым не менш ён не зусім і не ва ўсім давярае адвакацкаму саслоўю, бо яго прадстаўнікі залежныя ад акалічнасьцяў сваёй прафэсіі: «Кожны адвакат працуе за грошы, і за ідэі ня хоча быць беспрацоўным, пазбавіць ежы і будучыні сваіх дзяцей». Праваабаронца робіць выснову, што ў ідэале найлепшы адвакат у нашай краіне - гэта сам абвінавачаны, які дасканала валодае заканадаўствам.
У сваіх лістах Міхаіл скардзіцца на дарагоўлю вырабу копіяў дакумэнтаў, якія неабходныя яму для складаньня скаргаў у дзяржаўныя органы. Па ўзгадненьні са спэцчасткай калёніі ён запатрабаваў у судах ксэракопіі дакумэнтаў, але быў вымушаны адмовіцца ад іх, бо працаўнікі судоў запыталі за гэтую паслугу 800 тысяч рублёў. «За гэтыя грошы я іх сам перамалюю!» - жартуе праваабаронца.
Напрыканцы асуджаны на працяглы тэрмін, але не зламаны праваабаронца просіць паведаміць яго адрас для ўсіх тых, хто хоча зь ім весьці ліставаньне і выказаць словы падтрымкі: ВК-14, атр. 18, бр. 181, 222125, ст. Навасады, Барысаўскі р-н, Менская вобласьць, Рэспубліка Беларусь.
P.S. Калі хтосьци мае непатрэбны, але ў працоўным стане наручны гадзіньнік і/ці міні-радыёпрымач (можна і былыя ва ўжытку), Міхаіл Ігаравіч просіць іх яму задарма перадаць - даслаць простай бандэрольлю на вышэйзгаданы адрас. Бяз гэтых рэчаў яму ў калёніі дрэнна...
Віцебская вясна