Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі 27 верасьня наведаў Віцебск, дзе правёў сустрэчы з актывістамі. На сустрэчах абмяркоўвалася кампанія назіраньня, пляны хрысьціянскіх дэмакратаў на найбліжэйшы час.
Віцебскія актывісты БХД таксама далучыліся да кампаніі па абароне незалежнасьці Беларусі, супраць уцягваньня Беларусі ў замежныя вайсковыя канфлікты. Адбыўся збор подпісаў на вуліцах Віцебску і рынках за нэўтральны статус Беларусі і супраць расейскіх вайсковых базаў.
“Людзі ахвотна ставілі подпісы. Абсалютна ніхто ня хоча, каб беларусы былі ўцягнутыя ў чужыя ваенныя канфлікты, каб Беларусь рабілася мішэньню для замежных ракет. Віцебчукі падтрымлівалі збор подпісаў, хоць некаторыя людзі баяліся ставіць подпісы за што-кольвек. Але ўсе выказвалі згоду, што замежных вайсковых баз не павінна быць на тэрыторыі Беларусі”, – адзначыла адна зь лідэраў БХД Віцебшчыны Алена Шабуня.
“У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь напісана, што Беларусь мусіць імкнуцца да нэўтральнага статусу. Тое, што цяпер робяць улады, – наўпроставае парушэньне Канстытуцыі і ігнараваньне меркаваньняў грамадзян Беларусі. Мы павінны не дапусьціць уцягваньня нашай краіны ў пуцінскія авантуры і новы віток “халоднай вайны”. Беларусь мусіць быць нэўтральнай краінай. І кампанія супраць замежных вайсковых баз будзе пашырацца па тэрыторыі ўсёй краіны. Ня толькі абласныя цэнтры, але і іншыя гарады неўзабаве далучацца да акцыяў у абарону незалежнасьці Беларусі. Людзі павінны ведаць, што чыніць гэтая ўлада”, – падкрэсьліў Віталь Рымашэўскі.
bchd.info