Каардынатар аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” на Віцебшчыне Тацьцяна Севярынец атрымала з Галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму адказ на калектыўны зварот у справе антыбеларускай дзейнасьці казацкіх фармаваньняў.
“Парушэньняў (у частцы дзейнасьці незарэгістраваных казацкіх арганізацыяў), якія датычацца да кампетэнцыі органаў унутраных справаў, ня выяўлена”, - гаворыцца ў адказе за подпісам намесьніцы старшыні ўпраўленьня Тацьцяны Харушэўскай.
“Дык што, казакі, у ружжо! Высьвятляецца, што яны могуць рабіць, што хочуць, на чале са сваім галоўным кандыдатам”, - адзначыла Тацьцяна Севярынец.
Тацьцяна Севярынец 27 ліпеня падала ў Віцебскую абласную пракуратуру заяву грамадзян Беларусі па факце дзейнасьці ў рэгіёне прарасейскіх арганізацыяў. Заяву падпісалі жыхары Віцебску, Глыбокага, Воршы, Наваполацку, Віцебскага і Аршанскага раёнаў. “Гэтыя арганізацыі бесьперашкодна праводзяць свае мерапрыемствы ў Талачыне, Воршы, Полацку, Друцку, прыцягваюць да ўдзелу маральна не ўмацаваных беларусаў - падлеткаў, даюць ім у рукі баявую зброю, пра што сьведчаць справаздачы і фотасправаздачы зь мерапрыемстваў на іх сайтах”, - гаворыцца ў заяве.
Падпісанты лічаць, што ў сёньняшняй сытуацыі дзейнасьць такіх арганізацыяў, іх кіраўніцтва, публікацыі на іх сайтах ёсьць небясьпечнымi для тэрытарыяльнай цэласнасьці Рэспублікі Беларусь, спрыяльнымі для распальваньня нацыянальнай і рэлігійнай варожасьці.
bchd.info