Яшчэ пры канцы жніўня адміністрацыяй Кастрычніцкага раёну Віцебску былі сфармаваныя ўчастковыя камісіі па выбарах прэзыдэнта краіны. На першы погляд, усё зроблена ў адпаведнасьці з заканадаўствам. Толькі вось ніякімі законамі не прадугледжана, каб участковыя камісіі фармаваліся паводле вытворчага прынцыпу.
Як правіла, усе ці амаль усе чальцы камісіяў зьяўляюцца работнікамі аднаго і таго ж дзяржаўнага прадпрыемства ці ўстановы. Больш таго, кіраўнікі гэтых прадпрыемстваў і ўстаноў або іх намесьнікі зьяўляюцца кіраўнікамі ўчастковых камісіяй.
Так, напрыклад, участковая камісія ўчастку для галасаваньня № 15, якая разьмяшчаецца ў дзяржаўнай установе адукацыі «Сярэдняя школа №10 г. Віцебску» Кастрычніцкага раёну, спрэс складаецца з работнікаў гэтай установы. Узначальвае камісію дырэктар СШ № 10 Вольга Каранеўская. Яе намесьнікам у выбарчай камісіі зьяўляецца настаўніца беларускай мовы і літаратуры гэтай самай школы Алена Брыль, сакратаром камісіі раённай уладай прызначаная намесьніца дырэктара па вучэбнай рабоце СШ №10 Аксана Панцялеева. Астатнія чальцы ўчастковай камісіі - работнікі школы, якія знаходзяцца ў простым падпарадкаваньні ў яе дырэктара, якая стала цяпер яшчэ і старшынёй выбарчай камісіі.
Недасьведчаны ў палітычных тэхналёгіях выбаршчык, магчыма, усумніцца ў тым, што ў гэтым ёсьць праблема. Людзі аднаго калектыву, падказвае яму жыцьцёвы досьвед, добра знаюць адно аднаго, а гэта дапамагае ў любой дзейнасьці, у тым ліку і ў працы выбарчых камісіяў.
На гэта можна запярэчыць наступным чынам.
Выбары - палітычны працэс, вынікам якога ёсьць пацьверджаньне паўнамоцтваў як прэзыдэнта краіны, гэтак і вэртыкалі выканаўчай улады. Без адпаведнасьці агульнадэмакратычным працэдурам выбарчага працэсу міжнароднага прызнаньня выбараў дамагчыся практычна немагчыма, а непрызнаньне вынікаў выбараў робіць праблематычным інтэграцыю Беларусі ў эўрапейскую і сусьветную палітычную і эканамічную прастору.
Гэта добра разумеюць і ўлады. Але, ня хочучы нешта мяняць ўнутры краіны ў бок дэмакратычных стандартаў, яны займаюцца дробным палітычным двурушніцтвам. Такім двурушніцтвам і ёсьць фармаваньне УВК паводле вытворчага прынцыпу. Бо ўсім, нават міжнародным назіральнікам, зразумела, што маніпуляваць вынікамі галасаваньня становіцца вельмі лёгка, калі кіраўнікі прадпрыемстваў і ўстаноў зьяўляюцца старшынямі камісіяў па выбарах. Што скажуць начальніку ў выканкамах - тое ён, выкарыстоўваючы адміністрацыйны рэсурс, рэалізуе на выбарчым участку.
Чальцы камісіяў, сутыкнуўшыся з фактамі грубага парушэньня выбарчага закону, не наважацца ня толькі абнародаваць такія факты, але нават выказаць заўвагу начальніку-старшыню, найхутчэй, пабаяцца. Бо кожны начальнік мае масу рычагоў, з дапамогай якіх ён можа паўплываць на лёс свайго падначаленага. І самы дзейсны з гэтых рычагоў - звальненьне з працы. Вось і падпісваюць сябры выбарчых камісіяў выніковыя пратаколы, нават калі падчас падліку ў іх паўсталі сумневы ў адлюстраваных у пратаколе лічбах.
Прааналізаваўшы дадзеныя пра склады ўчастковых выбарчых камісіяў, можна зрабіць простую выснову - практычна ўсе УВК Кастрычніцкага раёну Віцебску сфармаваныя паводле вытворчага прынцыпу. Гэта ставіць пад сумнеў сумленнасьць цяперашняй выбарчай кампаніі. І, як вынік, ужо цяпер узьнікаюць сумневы ў праўдзівасьці вынікаў падліку галасоў выбаршчыкаў.
Калі найбліжэйшым часам нічога ня зьменіцца ў фармаваньні УВК, то беларускія выбары ўшчыльную наблізяцца да стандартаў выбараў таталітарнай Паўночнай Карэі: са 100% яўкай і адным адзіным кандыдатам у бюлетэні для галасаваньня. Правільнай дарогай ідзём, таварышы?
Віцебская вясна