21 верасьня Тацьцяна Караткевіч у чарговы раз завітала ў Віцебск. Спачатку яна наведала агітацыйны пікет, выстаўлены ў яе падтрымку на бульвары ля сярэдняй школы №46, што ў мікрараёне Білева. Мінакоў было няшмат, і таму асноўная сустрэча з выбарцамі адбылася ў актавай залі СШ №31.
Прыехала спадарыня Караткевіч са сваімі даверанымі асобамі: Сяргеем Чалым, эканамістам, вядоўцам праграмы «Эканоміка на пальцах», Ігарам Ляльковым, прадстаўніком Тацьцяны Мікалаеўны ў ЦВК, і вайсковым аналітыкам Леанідам Спаткаем.
Першым узяў слова Ігар Лялькоў. Ён распавёў пра тое, зь якой табакеркі выскачыла зьнянацку гэтая невядомая да нядаўняга часу спадарыня. Пэўны час Тацьцяна Караткевіч працавала ў межах кампаніі «Гавары праўду», а пасьля ўзначаліла ініцыятыву «Народны рэфэрэндум», вакол якой сканцэнтравалася цэлая каманда аднадумцаў. Ідэя ініцыятывы палягала ў аб'яднаньні людзей вакол вырашэньня праблемаў, што хвалююць грамадзтва. Далей пачаўся пошук адносна новай асобы без нэгатыўнага мінулага, пра якую цяжка сказаць, што яна замешаная ў нейкіх старых паразах дэмакратычных сілаў ці нейкіх махінацыях. Такой найлепшай асобаю, зь якой асацыяваліся б мірныя перамены, і стала Тацьцяна Караткевіч.
Выступ Сяргея Чалага быў больш працяглым і больш інфарматыўным. Высьветлілася, што тыя высокія тэмпы эканамічнага росту, што былі ў нас дагэтуль, тлумачацца выключна зьнешнімі спэцэфэктамі, якія сталі магчымымі за кошт штучнага напампоўваньня даходаў.
Выказаў ён і такую думку, што калі тры крызысы запар адбываюцца з зайздроснай пэрыядычнасьцю, то пэўна яны зьяўляюцца арганічнай часткай той мадэлі эканомікі, якую мы маем, а ня вынікам нейкіх зьнешніх чыньнікаў, як пераконваюць нас улады. За ўсім гэтым хаваецца структурная праблема, выключна наша праблема.
Пасьлядоўна з 2006 году доўгатэрміновыя тэмпы эканамічнага разьвіцьця пастаянна падалі і ў цяперашні момант складаюць ледзь 1-1,5 адсотку ў год. Гэты стан эканаміст параўнаў са станам хворага, які раз за разам адмаўляецца ад лекаваньня, нягледзячы на пагаршэньне свайго адчуваньня. Яго кожны раз уратоўвае рэанімацыя, але ж хвароба не сыходзіць.
І самае галоўнае: мадэрнізацыя, пра якую было сказана столькі словаў, правалілася, бо ніводная з мэтаў гэтай самай мадэрнізацыі не дасягнутая. Найперш гэта набліжэньне прадукцыйнасьці працы да сярэднеэўрапейскай – 60 тысяч эўра на чалавека ў год. Больш таго, фінансавы стан тых прадпрыемстваў, якія былі мадэрнізаваныя, не палепшыўся, а, наадварот, пагоршыўся, бо іх рэнтабэльнасьць цяпер складае ўсяго два адсоткі ў год. Акром таго, на кожным з прадпрыемстваў вісіць валютны крэдыт у памеры 140 мільёнаў эўра з працэнтнай стаўкай 7% гадавых. Гэта азначае, што прадпрыемства ня здольнае самастойна расплаціцца з крэдытам, выдадзеным на ягоную мадэрнізацыю, і таму гэтыя грошы возьмуць з нашай з вамі кішэні.
Гэтым разам пераседзець сёньняшні крызыс, да чаго заклікае ўлада, ня ўдасца, бо нафты па сто даляраў за барэль у бліжэйшыя гадоў дзесяць ужо ня будзе.
Цяпер ужо ўсім зразумела, што адбываецца. Зразумела што, калі не рабіць нічога, нас чакае шлях далейшага абсалютна безнадзейнага пагружэньня ў багну. Сёньняшні эканамічны момант даволі спэцыфічны: усе эканамісты разумеюць, існуе праграма неабходных эканамічных пераўтварэньняў, якую падтрымае Міжнародны валютны фонд, але няма палітычнай волі, то бок рашэньня аднаго чалавека на самым версе.
У сваім асноўным выступе Тацьцяна Караткевіч распавяла пра дарогу свайго грамадзкага і палітычнага сталеньня, а пасьля сканцэнтравалася на надзённых праблемах жыцьця. Яна адзначыла, што людзі, на жаль, не разумеюць, як на якасьць іхнага жыцьця ўплывае палітыка. І таму яны перасталі спадзявацца на ўладу і пачалі спадзявацца толькі на сябе. Працягваючы асноўны пасыл папярэдняга выступоўцы, яна заявіла, што ў адрозьненьне ад сёньняшняй улады яна мае палітычную волю для рэалізацыі эканамічных рэформаў, якія даўно насьпелі ў краіне.
Вызначана пяць асноўных кірункаў насьпелых пераменаў: эканоміка, адукацыя і мэдыцына, сацыяльная абарона, рэформа дзяржаўнага кіраваньня, міжнародная палітыка.
Калі дзяржава будзе трымацца за неэфэктыўную эканоміку і палітыку, нават тыя прадпрыемствы, якія яшчэ на плыву, таксама спыняць існаваць.
Што тычыцца сацыяльнай абароны, то, спыніўшы бяздумную трату сродкаў на «прадпрыемствах-зомбі», мы знойдзем грошы на сацыяльную абарону звольненых, бо той заробак, які працоўныя атрымліваюць, па сутнасьці зьяўляецца сацыяльнай дапамогай па беспрацоўі. Калі б у сьнежні былі закрытыя неэфэктыўныя прадпрыемствы, мы зэканомілі б грошы, а за гэты тэрмін людзі перавучыліся б на патрэбныя прафэсіі і яшчэ атрымлівалі б ад дзяржавы неабходную для жыцьця сацыяльную дапамогу. А некаторыя б здолелі адкрыць сваю справу. На сёньняшні момант толькі 24% падаткаў паступае ў бюджэт з прыватнага сэктару, а магло б быць і 70-80%. Гэткае цяжкое становішча працоўных яшчэ й забясьпечваецца існаваньнем праўладнага прафсаюзу, які не абараняе правоў рабочых.
Дзяржава мусіць больш падтрымліваць установы адукацыі і мэдыцыну. На сёньня адукацыя адарвалася ад рынку працы: студэнтаў, якія прыходзяць на прадпрыемствы, трэба вучыць нанова, а гэта велізарная праблема. Перш-наперш трэба падтрымаць прафэсіяналаў. Дзякуючы Балёнскаму працэсу мы мусім наблізіць сваю адукацыю да эўрапейскай і сусьветнай.
Асноўны прынцып міжнароднай палітыкі – гэта прынцып збалянсаваных міжнародных стасункаў са сваімі суседзямі. То бок мы хочам разьвіваць прапарцыйна-карысныя адносіны і з Расеяй, і з Украінай, і з Эўразьвязам, быць больш адкрытымі ў міжнародных стасунках. Нэўтральны ваенны статус Беларусі, за які мы выступаем, мусіць стварыць прывабны імідж для прыцягненьня інвэстыцыяў і дапаможа знаходзіць новых партнэраў ва ўсіх сфэрах міжнародных узаемадачыненьняў.
Усё, што мы зьбіраемся рабіць у будучыні, мы зьбіраемся рабіць разам з камандай аднадумцаў, з улікам грамадзкай думкі і ў строгай адпаведнасьці з законам.
Пасьля выступу кандыдата ў прэзыдэнты Караткевіч і яе давераных асобаў задаць свае пытаньні кандыдату на пасаду прэзыдэнта і выказаць сваё бачаньне сытуацыі ў краіне мелі прысутныя на сходзе грамадзяне. Асаблівым імпэтам і непадробнай заклапочанасьцю лёсам краіны вылучаліся віцебскія пэнсіянэры. Многія пытаньні задаваліся з разгорнутым уступным словам, што нэрвавала прысутных. Так, спадарыні Тацьцяне і яе камандзе параілі заклікаць грамадзян не хадзіць на выбары, бо існаваньне папярэдняга галасаваньня дае ўладзе шырокія магчымасьці для фальшаваньняў і не пакідае ёй аніякіх шансаў на перамогу. Гэты ж грамадзянін абурыўся з тае нагоды, што Караткевіч карыстаецца беларускай мовай, а Віцебск, маўляў, горад расейскамоўны.
Кандыдатка на пасаду прэзыдэнта заявіла, што ведае пра фальшаваньні на стадыі датэрміновага галасаваньня, але ж нельга выйграць выбары, калі ты ў іх ня ўдзельнічаеш. Падтрымка людзей – гэта адзіная магчымасьць нас з вамі размаўляць адно з адным, знаходзіць аднадумцаў і ісьці наперад. І гэту магчымасьць яна сёньня скарыстоўвае.
Адным з найбольш вострых было пытаньне наконт таго, што дыктатары не сыходзяць з уласнае ініцыятывы.
На гэта спадарыня Караткевіч заявіла, што ня хоча сядаць на лаву лузэраў, што яна малады чалавек і змагаецца сёньня за сваю будучыню, бо верыць у свае здольнасьці, у наш патэнцыял, у наш здаровы сэнс і справядлівасьць. Існуе шмат людзей, якія сур'ёзна ставяцца да гэтых выбараў, і яна – зь імі. А дыктатарскі рэжым у нас вельмі спэцыфічны: ён імітуе і дыктатуру, і дэмакратыю – ён зьмяшаны рэжым. Адзінае, што можа яго зьмяніць, – гэта актыўная грамадзкая пазыцыя. Трэба ўдзельнічаць ва ўсіх выбарах і ініцыятывах, каб гэтая атмасфэра, што пануе ў час выбараў, панавала і пасьля выбараў. Яна заявіла, што сёньня кантактуе зь вялікай колькасьцю чыноўнікаў, праўладных журналістаў і хоча, каб мець магчымасьць кантактаваць зь імі і пасьля выбараў, каб магчымасьць дыялёгу захавалася і надалей. Асноўная стратэгія каманды Караткевіч: «Важна – ня хто, а важна – што мы разам можам зрабіць для будучыні нашай краіны».
Нехта Анатоль Барадулін параіў у выніку перамогі перавесьці стрэлкі гадзіньніка на гадзіну наперад, бо ў выніку скасаваньня зімовага часу беларусы не дасыпаюць цэлую гадзіну, мо' таму ў нас многае і не атрымліваецца. Кандыдатка падтрымала выказаную ініцыятыву, заявіўшы, што беларусы мусяць жыць у рэальным часе.
Другое пытаньне тычылася будаўніцтва беларускай АЭС, якая выклікае шмат пытаньняў. Пра тое, што прыходзіць шмат паведамленьняў пра парушэньні, што маюцца там, спадарыня Тацьцяна ведае. Будаўніцтва станцыі можна было б і спыніць, але неабходнае грамадзкае абмеркаваньне і аналіз спэцыялістаў. Трэба правесьці рэвізію і вызначыцца з тым, як яна будуецца. Зараз ужо існуюць дзьве праблемы. Па-першае, на будаўніцтве гэтай станцыі мы нічога не заробім і атрымаем новыя даўгі. І, па-другое, столькі электраэнэргіі нам не патрэбна, бо мы ня зможам яе прадаць. Тым больш, што ня мы зьяўляемся суб'ектамі гаспадараньня, гаспадары – расейцы.
Маладзейшыя выбарцы былі заклапочаныя больш прагматычнымі пытаньнямі: ростам алькагалізму сярод моладзі, дваравымі тэрыторыямі, праблемамі сям'і. А малады шматдзетны бацька выказаў свае наўпроставыя сымпатыі да першай у краіне кандыдаткі-жанчыны, якую назваў «рэальнай альтэрнатывай» і «променем сьвятла ў нашым цёмным царстве», за што атрымаў у свой адрас прыязныя воплескі прысутных на сустрэчы грамадзян.
Выказалася Тацьцяна Караткевіч і за адмену сьмяротнага пакараньня, і за вывад замежных вайсковых фармаваньняў з тэрыторыі Беларусі, за яе нэўтральны статус, а таксама за выбарнасьць мясцовай улады, якая у такім выпадку была б падсправаздачная грамадзянам, што яе абіраюць.
Не пакінула абыякавымі прысутных і абмеркаваньне вайсковага пытаньня.
Вайсковы экспэрт Леанід Спаткай заявіў, што дзяржаўны сувэрэнітэт забясьпечваецца ня колькасьцю ўзброеных сілаў, а міжнародным правам. Наяўнасьць замежных ваенных баз толькі павялічвае ўзровень пагроз, але не зьяўляецца стрымліваючым чыньнікам. Адзінае выйсьце – нэўтральны статус краіны.
Увогуле, размова атрымалася нефармальнай, жвавай і досыць эмацыйнай.
Віцебская вясна