Такі адказ з Наваполацкага ГАУС атрымала Тацьцяна Ладукас, удзельніца пікету па зборы подпісаў за вылучэньне Тацьцяны Караткевіч у якасьці кандыдата на ўдзел у прэзsдэнцкіх выбарах.
Копію адказу за подпісам начальніка гарадзкога аддзелу ўнутраных спраў Дзьмітрыя Разянкова разьмясьціла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку сябра Віцебскага абкаму БСДП(Г) Валянціна Болбат. Яна лічыць, што мае месца яскравае парушэньне заканадаўства, і што права актывісткі на роўнасьць перад законам відавочна парушанае:
"У адказе зь міліцыі напісана, што справа пра нецэнзурную лаянку спыненая з тае прычыны, што ў дзеяньнях нападніка няма складу правапарушэньня. І па выніках праведзенай праверкі справу вырашылі спыніць. Калі праводзілася праверка, калі вынесена пастанова – ня ўказана. Між тым у лісьце зь міліцыі напісана, што абскардзіць пастанову можна на працягу 15 дзён пасьля вынясеньня. Гэта як разумець? Што чалавека фактычна пазбавілі права належным чынам падаць скаргу?" – абураецца спадарыня Валянціна.
Яна падкрэсьлівае, што падчас нападу на пікет па зборы подпісаў за Тацьцяну Караткевіч у Наваполацку незнаёмы мужчына ня толькі брыдка лаяўся, але яшчэ і паламаў флягшток, дзе быў замацаваны сьцяг. Але пра гэта ў адказе зь міліцыі – ні слова, гаворыць Валянціна Болбат:
"На пікеце падчас нападу былі тры чалавекі – гэта трое сьведак. Да ўсяго іншага, гандлёвы цэнтар "Стралецкі капітал", каля якога здарыўся інцыдэнт, абсталяваны камэрамі відэаназіраньня. Яны ўсё мусілі зафіксаваць. Інакш я проста ня ведаю, для чаго існуюць тыя камэры, калі не ў дапамогу міліцыі! Хто ж ён такі, той чалавек, якому ўдалося пазьбегнуць адказнасьці за хуліганскі ўчынак? Колькі апазыцыянэраў у розны час затрымлівалі і каралі "суткамі" за "лаянку" – не падлічыць! Прычым у адказе зь міліцыі не напісана, што асобу не змаглі высьветліць. Значыць, высьветлілі, але не пакаралі. Відаць, лаянка была недастаткова нецэнзурная. А пра паламаны флягшток вырашылі забыцца наогул. Атрымліваецца, даравалі?"
Паводле ўдзельнікаў пікету, сярод якіх была Тацьцяна Ладукас, актывістка БСДП(Г), 29 ліпеня каля 16:30 недалёка ад месца пікету прыпаркаваўся джып, заехаўшы на бардзюр. Выйшлі двое мужчын гадоў пад 30, адзін зь іх пачаў брыдкасловіць і зламаў флягшток. Асноўным аргумэнтам, які ён выказваў, было тое, што пікет са сьцягамі ўсталявалі перад ягоным домам. І гэта яму не спадабалася. Удзельнікі пікету лічаць, што свае прэтэнзіі ён выказваў у грубай форме, што гэта варта кваліфікаваць як хуліганства і караць належным чынам.
spring96.org